Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: дзень народзінаў Міхала Анемпадыстава

Міхал Анемпадыстаў, здымак 2015 году
Міхал Анемпадыстаў, здымак 2015 году

Падзеі 16 сакавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

16 сакавіка 1964 году нарадзіўся Міхал Анемпадыстаў, вядомы як дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Анемпадыстаў вучыўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працаваў у жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі.

Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.
Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.

Анемпадыстаў напісаў тэксты для музычнага праекту «Народны альбом», які выйшаў у 1997 годзе, а таксама тэксты для песень беларускіх і польскіх рок-гуртоў. З 2011 году мастак зьяўляўся сябрам праўленьня Беларускага саюза дызайнэраў. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.

Таксама ў гэты дзень

1919 — у Горадні выйшаў першы нумар газэты «Бацькаўшчына».

1946 — 16-гадовы Ўладзімер Караткевіч піша першы артыкул па-беларуску «Некалькі слоў пра Францішка Багушэвіча як вялікага песьняра Беларусі і прадстаўніка крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры 2-й паловы ХIХ стагодзьдзя».

1954 — дзеячамі беларускай эміграцыі было заснавана Англа-беларускае таварыства.

2014 — прайшоў рэфэрэндум, па выніках якога Крым далучылі да Расейскай Фэдэрацыі. Усясьветная супольнасьць не прызнала рэфэрэндум легітымным.

Выдача бюлетэняў на рэфэрэндуме ў Крыме
Выдача бюлетэняў на рэфэрэндуме ў Крыме

У гэты дзень нарадзіліся

1883 Натан Рубінштэйн, музыка і дырыжор, арганізатар музычнага жыцьця ў Менску. Зьнік бязь вестак.

1890 Саламон Міхоэлс, тэатральны актор, старшыня Габрэйскага антыфашысцкага камітэту.

Прэзыдыюм Габрэйскага антыфашысцкага камітэту. У цэнтры — Саламон Міхоэлс
Прэзыдыюм Габрэйскага антыфашысцкага камітэту. У цэнтры — Саламон Міхоэлс

1927 Марыя Лукашук, філёляг, пэдагог, удзельніца нацыянальна-культурніцкага і нацыянальна-дэмакратычнага руху.

1941 Бэрнарда Бэрталучы, італьянскі кінарэжысэр.

1946 Мікалай Кірычэнка, беларускі актор.

1964Уладзімер Давыдоўскі, журналіст і музыка.

У памяці

1928 — у Вільні застрэлены Міхал Гурын-Маразоўскі, палітык і журналіст.

1940 — памерла Сэльма Лагерлёф, швэдзкая пісьменьніца.

2000 — памёр Павел Пруднікаў, беларускі пісьменьнік. Пруднікаў зьведаў рэпрэсіі 1930-х гадоў і адлюстраваў іх у сваіх творах «Яжовыя рукавіцы» і «Пекла».

2016 Сяргей Ханжанкоў, стваральнік падпольнай групы, якая мелася падарваць радыёглушыльную вежу ў Менску (1963), вязень савецкіх лягераў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG