Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БДУ перанесьлі лекцыі на ўсіх факультэтах


У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце прынята рашэньне перанесьці лекцыйныя курсы для ўсіх факультэтаў на больш позьні тэрмін. Пра гэта паведамляе сайт унівэрсытэту.

Гаворка не ідзе аб пераводзе на дыстанцыйнае навучаньне і адмену заняткаў, а тычыцца часовых зьменаў у графіку навучальнага працэсу з мэтай пазьбегчы масавага збору людзей. У найбліжэйшы пэрыяд рэкамэндавана выкарыстоўваць іншыя формы заняткаў, прадугледжаныя навучальнымі плянамі і праграмамі, у ліку якіх КСР (кіраваная самастойная работа студэнтаў), кансультацыі, лябараторныя працы і іншыя.

Ва ўсіх пытаньнях арганізацыі навучальнага працэсу студэнтам раяць зьвяртацца ў дэканаты факультэтаў.

Адміністрацыя ВНУ нагадвае, што ў БДУ прыняты комплекс захадаў для ўзмацненьня прафіляктыкі пашырэньня каранавірусу сярод студэнтаў і супрацоўнікаў. Сярод іх:

  • абмежаванае наведваньне студэнцкіх інтэрнатаў на працягу бліжэйшага месяца, акрамя тых, хто там жыве;
  • у месцах масавага збору людзей, холах і санвузлах усталяваныя дазатары з антысэптыкамі для апрацоўкі рук;
  • павялічаная колькасьць вільготных прыборак навучальных, адміністрацыйных карпусоў і інтэрнатаў з выкарыстаньнем дэзынфэкцыйных сродкаў;
  • ва ўсіх навучальных карпусах, інтэрнатах разьмешчаныя інфармацыйныя стэнды з інфармацыяй аб прафіляктыцы каранавірусу;
  • абмежаванае правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

«Паважаныя студэнты і супрацоўнікі БДУ! — пішуць прадстаўнікі ВНУ. — Зьвяртаемся таксама да вас з просьбай уважліва паставіцца да свайго стану здароўя і здароўя навакольных і выконваць усе неабходныя правілы асабістай гігіены і рэкамэндацыі Міністэрства аховы здароўя Беларусі аб прафіляктычных захадах ва ўмовах пашырэньня віруснай інфэкцыі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG