Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія тэлеграм-каналы выступілі з супольнай заявай пра каранавірус


Дагляд на ўваходзе ў БНТУ, Менск. Ілюстарцыйнае фота.
Дагляд на ўваходзе ў БНТУ, Менск. Ілюстарцыйнае фота.

Патрабуюць звароту кіраўніцтва краіны і карантын у навучальных установах. Пад заявай падпісаліся адміністратары больш чым 70 тэлеграм-каналаў.

Зварот скіраваны да кіраўніцтва Беларусі. Падаем яго тэкст цалкам.

«Мы, адміністратары беларускіх тэлеграм-каналаў, заяўляем кіраўніцтву нашай краіны аб неабходнасьці:

  • як мага хутчэй увесьці карантын ва ўсіх навучальных установах Беларусі,
  • увесьці і максымальна старанна ажыцьцяўляць мэдыцынскі кантроль на ўсіх межах Беларусі з суседнімі дзяржавамі і ў аэрапортах,
  • на самым высокім узроўні падрыхтаваць радыё- і тэлевізійны зварот да нацыі з тлумачэннем усёй сур’ёзнасьці сытуацыі з разьвіцьцём каранавірусу і, наадварот, спыніць заспакаяльныя заявы, пасьля якіх людзі паслабляюць кантроль за ўласнай бясьпекай;
  • своечасова і празрыста паведамляць грамадзкасьці і журналістам дэталі аб сытуацыі з распаўсюджваньнем віруса ў Беларусі і новых выпадках заражэньня: колькасьць, населены пункт, месца працы/вучобы — не парушаючы пры гэтым мэдычную таямніцу».

У нядзелю 15 сакавіка са зваротам наконт магчымасьці закрыцьця межаў Беларусі, а таксама ўвядзеньня карантыну ў навучальных установах, выступіла Мінздароўя.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG