Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы крытыкуюць ініцытыятыву вернікаў наконт ЛГБТ-прапаганды


ЛГБТ-актывістка

Праваабарончыя арганізацыі і ініцыятывы выступілі з сумеснай заявай супраць дыскрымінацыі ЛГБТ у Беларусі, паведамляе сайт «Вясны».

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтар «Вясна», Беларускі Хэльсынскі камітэт, Прававая ініцыятыва, кансультацыйны цэнтар Human Constanta, Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын, Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Беларускі ПЭН-цэнтар, Community Centre для ЛГБТК і іхных блізкіх, Офіс правоў людзей з інваліднасцю.

Яны заклікалі ўлады Беларусі не ініцыяваць заканадаўчых зьменаў, якія пацягнуць дыскрымінацыю прадстаўнікоў ЛГБТ і справакуюць рост нецярпімасьці ў грамадзтве.

У Беларусі сабралі больш за 50 тысяч подпісаў пад калектыўным зваротам у прэзыдэнцкую адміністрацыю з патрабаваньнем «ініцыяваць прыняцьце закону аб забароне прапаганды і публічнай дэманстрацыі гомасэксуалізму і іншых полавых збачэньняў непаўналетнім і ўнясеньне адказнасьці за гэтыя дзеяньні ў Крымінальны кодэкс».

Таксама быў апублікаваны адказ Міністэрства аховы здароўя, у якім ведамства падтрымала прапановы праекту закону, які ўхваляе адміністрацыйную і крымінальную адказнасьць за распаўсюд інфармацыі, якая дыскрэдытуе інстытут сям’і і шлюбна-сямейныя стасункі. Таксама чыноўнікі пагаджаюцца на падвышэньне з 16 да 18 гадоў узросту, да наступленьня якога палавыя зносіны і іншыя дзеяньні сэксуальнага характару зь непаўналетнім таго ж полу караюцца ў адпаведнасьці з крымінальным законам.

На перакананьне аўтараў звароту, такія ініцыятывы супярэчаць базавым правам чалавека, а менавіта: праву не цярпець ад адвольнага або незаконнага ўмяшаньня ў асабістае і сямейнае жыцьцё (арт. 17 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах), праву на свабоднае выказваньне сваёй думкі (арт. 19 пакту), а таксама на абарону супраць дыскрымінацыі (арт. 26 пакту).

Згодна з пактам, кожны чалавек мае права на свабоднае выказваньне сваіх думак, заяўляюць праавабаронцы. Гэта ўключае ў сябе свабоду на пошук, атрыманьне і распаўсюд інфармацыі і ідэі.

Поўны тэкст заявы праваабаронцаў ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG