Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як нафтаправод «Адэса — Броды» рыхтуецца пампаваць азэрбайджанскую нафту для Беларусі


Трубаправод Адэса-Броды
Трубаправод Адэса-Броды

Першы танкер з 90 тысячамі тонаў азэрбайджанскай нафты для Беларусі чакаюць ва Ўкраіне 9–10 сакавіка. Паводле папярэдняй інфармацыі, у пратоку Басфор ён мусіць зайсьці 8 сакавіка.

Нафтаправод у працоўным стане

Прыёмам нафты ў марскім порце і яе транспартаваньнем у Беларусь будзе займацца кампанія «Укртранснафта», зь якой беларускі бок падпісаў дамову да канца году. Што праўда, умовы гэтага кантракту — аб’ёмы і цана — не разгалошваюцца.

Танкер з азэрбайджанскаю нафтаю чакаюць у порце «Південний» (Адэская вобласьць) — ён быў пабудаваны адначасова з нафтаправодам «Адэса — Броды» і ўключаны ў ягоную лягістыку з магчымасьцю грузіць нафту з танкераў і на танкеры. Праз украінскі трубаправод нафта з Азэрбайджану пойдзе да мяжы Беларусі ў кірунку Мазыра.

Выкарыстаньне нафтаправоду «Адэса — Броды» было спынена ў 2014 годзе — тады з «трубы» выпампавалі нават тэхналягічную нафту ў рэзэрвуары кампаніі ўкраінскага бізнэсоўца Ігара Каламойскага. Але нафтаправод ня быў закансэрваваны і, як пераконваюць адмыслоўцы, знаходзіцца ў працоўным стане.

Досьвед 2011 году

Такі шлях транспартаваньня нафты ў Беларусь ужо выкарыстоўвалі ў 2011 годзе. Тады «Укртранснафта» і «Беларуская нафтавая кампанія» дамовіліся на пастаўку 4 мільёнаў тонаў у год да 2013 году. Аднак з эканамічных прычын тады ўдалося прапампаваць толькі 1 мільён тонаў, і з канца 2011 году пастаўкі адпаведна гэтаму кантракту спынілі. Празь невыкананьне ўмоваў кантракту «Укртранснафта» зьвярнулася ў Міжнародны арбітражны суд Беларусі, які ўхваліў рашэньне спагнаць зь «Беларускай нафтавай кампаніі» 24,021 мільёна даляраў за нявыкарыстаныя аб’ёмы транспартаваньня адпаведна ўмове кантракту «пампуй або плаці», а з «Укртранснафты» — 31,878 мільёна даляраў кампэнсацыі за зьмену якасьці нафты ў часе транспартаваньня. У выніку ўзаемазаліку беларускі бок яшчэ выйграў 7,857 мільёна даляраў ва ўкраінскай кампаніі.

Украіне патрэбныя гарантыі

Маючы такі досьвед, генэральны дырэктар кампаніі «Укртранснафта» Мікалай Гаўрыленка вельмі скептычна ацэньваў магчымасьці арганізаваць пастаўкі нафты ў Беларусь праз Украіну ў 2020 ці 2021 гадах. На перамовах у лістападзе 2019 году ён настойваў на гарантыях беларускага боку аб «эканамічнай мэтазгоднасьці праекту».

«Мы з свайго боку на пасяджэньні працоўнай групы зрабілі дзьве досыць зразумелыя прапановы. Першая — зафіксаваць, што ў выпадку, калі яны (беларускі бок) сапраўды захочуць сур’ёзна падысьці да пытаньня транспартаваньня нафты маршрутам Адэса — Броды — Мазыр, то перамоўны працэс трэба пачынаць за год да пачатку адпаведных работ. Неабходна канкрэтнае тэхнічнае заданьне: які абʼём нафты, якія гатункі, якія рэжымы. Тады мы на падставе іхнай афіцыйнай заявы падрыхтуем тэхналягічную мапу дзеяньняў, каб усе бакі разумелі намеры, адказнасьць і эканамічныя вынікі ўсёй гэтай гісторыі», — паведаміў Мікалай Гаўрыленка ў інтэрвію агенцтву «Інтерфакс-Україна».

Патрэбна 430 тысяч тонаў тэхналягічнай нафты

Паводле інфармацыі агенцтва Інтэрфакс-Захад, цягам сакавіка праз Украіну плянуюць паставіць 250 тысяч тонаў нафты з Азэрбайджану. Ва Ўкраіне не выключаюць, што пастаўка гэтага аб’ёму можа расьцягнуцца да красавіка.

Да пачатку перапампаваньня нафты ў Беларусь украінскі бок мусіць запоўніць трубаправод «Адэса — Броды» тэхналягічнай нафтай. У 2011 годзе, калі ўпершыню быў скарыстаны такі шлях, на гэтыя мэты спратрэбілася 430 тысяч тонаў сыравіны.

Паводле афіцыйна не пацьверджанай інфармацыі, запампоўваць тэхналягічную нафту ў трубаправод «Адэса — Броды» пачалі ўжо 3 сакавіка.

Але ў кампаніі «Укртранснафта» сьцьвярджаюць, што не ўзяліся б за гэты праект, калі б ён быў эканамічна нявыгадным. А для Ўкраіны як дзяржавы гэта яшчэ і ўмацаваньне статусу аднаго з важных гульцоў у дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў у Касьпійска-Чарнаморскім рэгіёне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG