Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зямля пад белымі кілерамі, або Belarus у люстэрку заходняга кінэматографу


Крылатая фраза «зямля пад белымі крыламі» – таксама стэрэатып...
Крылатая фраза «зямля пад белымі крыламі» – таксама стэрэатып...

Беларусь — адзін з самых змрочных закуткоў сьвету.

Такая выснова, як мяркую, непазьбежна прыйдзе ў галаву кожнаму на Захадзе, хто захоча скласьці сабе ўяўленьне пра Беларусь выключна на падставе тамтэйшага кінэматографу.

У кожным разе, мне не траплялі на вочы заходнія фільмы, у якіх Беларусь выглядала б настолькі прывабным месцам, што ім варта было б пацікавіцца бліжэй, ня кажучы ўжо пра тое, каб паехаць туды самому.

«Дзіця Беларусі»

Зусім нядаўна я дазнаўся, што фільмаў пра жахлівага кілера зь Нью-Ёрку Джона Ўіка (John Wick) ужо цэлыя тры. І здымаецца чацьвёрты, яго прэм’ера заплянаваная на 2021 год.

Першы фільм пра Джона Ўіка (2014) мне ўдалося паглядзець недзе да 15-й хвіліны, пасьля якой я плюнуў і сказаў — не, больш стужак з Кіяну Рыўзам я глядзець ня буду! Як мог актор, які выконваў галоўную ролю ў «Матрыцы», прыняць прапанову выступіць у такой лухце, як «Джон Ўік»?! Куды коціцца той галівудзкі сьвет?!

Ажно нядаўна знаёмы запытаў мяне: А ці ведаеш, што Джон Ўік — беларус? У трэцім фільме («John Wick: Chapter 3 — Parabellum») ён прызнаецца ў беларускім паходжаньні.

Ну дык я пастанавіў паглядзець гэты трэці фільм цалкам, папярэдне прымацаваўшы сябе скотчам да фатэля…

І сапраўды, у карціне ёсьць эпізод, дзе Джон Ўік, уцякаючы ад плоймы кілераў ды ломячы ім рукі і выбіваючы мазгі, апынаецца ў нейкім тэатры. Тэатар аказваецца рэзыдэнцыяй яшчэ адной кілерскай групы, ці то расейскай, ці то цыганскай. Джон там размаўляе з адной цёткай па-расейску і па-ангельску ды просіць у яе дапамогі на той падставе, што ён — «дзіця Беларусі». І адразу дадае, што ён сірата.

Вось ён, беларускі кілер са знакам якасьці...
Вось ён, беларускі кілер са знакам якасьці...

«​I am a child of the Belarus»​, — кажа галоўны герой кілерскай трылёгіі, якая неўзабаве стане тэтралёгіяй, а ў пэрспэктыве колькасьцю грашаносных сіквэлаў можа пераплюнуць Сыльвэстра Сталонэ зь ягонай сэрыяй пра баксэра Rocky. Але да самага канца стужкі «John Wick: Chapter 3», якая доўжыцца пасьля сцэны ў тэатры яшчэ гадзіны дзьве, не чуваць ужо ніякай згадкі пра Беларусь. І дзякуй Богу!

Ну дык вось вам беларускі пасыл з гэтага баевіка: Беларусь — месца, дзе нараджаюцца расейскамоўныя кілеры са знакам якасьці.

На шчасьце, гэты «беларускі пасыл» настолькі маргінальны ў сюжэце, што ніхто з гледачоў ва ўсім белым сьвеце, акрамя беларусаў, ня зьверне на яго ўвагі. І ў гэтым адзінае суцяшэньне.

«Крывавы дыктатар Духавіч»

«Целаахоўнік кілера» (The Hitman’s Bodyguard, 2017) — дасьціпны і забаўны фільм, калі параўноўваць яго з мозгадрабільнай сэрыяй пра Джона Ўіка. Сюжэт карціны закручаны вакол згаданых у загалоўку кілера і яго целаахоўніка, якім трэба з Ангельшчыны дабрацца ў Нідэрлянды, у міжнародны суд у Гаазе, дзе на лаве падсудных сядзіць зрынуты міжнароднай супольнасьцю палітычны кілер — «крывавы дыктатар Беларусі» Ўладзіслаў Духавіч.

Зьдзіўленыя?

Расейскамоўная вэрсія фільму, якая ішла ў беларускім пракаце, памяняла беларускую прапіску дыктатара на басьнійскую. Гэта было нескладана зрабіць, таму што Беларусь, паказаная ўсяго ў некалькіх кадрах фільму, аказалася краінай з даволі высокімі горамі.

А тут вам гарыстая Беларусь...
А тут вам гарыстая Беларусь...

Я глядзеў англамоўную вэрсію фільму, а таму не магу сказаць, што аўтары расейскамоўнай агучкі зрабілі з асноўным доказам злачынства Духавіча — відэа расстрэлу цывільных жыхароў. У арыгінальнай вэрсіі фільму Духавіч бярэ асабісты ўдзел у расстрэле жыхароў «вёскі каля Полацку». (Галоўныя героі стужкі, пасьля шматлікіх перастрэлак і пагоняў зь людзьмі Духавіча ў Ангельшчыне і Нідэрляндах, пасьпяваюць паказаць гэтае відэа судзьдзям у Гаазе).

Ну вось вам Беларусь наша мілая ў Галівудзе…

Яны што, ня маюць там хоць аднаго кансультанта, які ведае, што ў Беларусі няма гораў? Або няўжо складана ім у Галівудзе даведацца, што ў Беларусі, калі ўжо і даходзіць да палітычных расстрэлаў, то дыктатары ў іх асабіста ня ўдзельнічаюць, бо гэтым займаюцца СОБРаўцы і ім падобныя?

Рэжым Уладзіслава Духавіча едзе чыніць чарговае злачынства...
Рэжым Уладзіслава Духавіча едзе чыніць чарговае злачынства...

Вядома, пра ўсё гэта амэрыканскім кіношнікам нескладана дазнацца, калі не зусім задарма, дык за нікчэмна малыя грошы. Але ніхто там ня дурыць сабе галаву такімі кансультацыямі ці пытаньнямі, як існуе сапраўдная Беларусь і ці існуе яна наагул. У масавай сьвядомасьці гледачоў галівудзкіх відовішчаў назва Беларусь выступае як сымбаль месца, пра якое можна сказаць што заўгодна. Кілер Ўік, або Беларусь у фантастычных апавяданьнях, так бы мовіць…

Шэрлак Голмс у Менску

У 2010 годзе ў Ангельшчыне паводле замовы кампаніі Бі-Бі-Сі пачалі здымаць тэлесэрыял пра Шэрлака Голмса, у якім дзеяньне адбываецца ў нашы дні.

Трэцяя сэрыя пачынаецца тым, што Голмс наведвае сучасны Менск, дзе ў турме праводзіць размову зь нейкім хлопцам (брытанцам? беларусам?), якога пасадзілі за забойства сяброўкі ў нейкім гатэльным бары. Хлопец, у якога ангельскае прозьвішча, чамусьці слаба гаворыць па-ангельску, і Голмс раз-пораз выпраўляе ягоныя моўныя памылкі. Пагаварыўшы зь вязьнем і не паабяцаўшы яму ніякай дапамогі, Голмс вярнуўся ў Лёндан, дзе яму стала настолькі нудна, што ён пачаў страляць зь пісталета ў сьцяну сваёй кватэры.

Шэрлак Голмс (зьлева) зь вязьнем менскай турмы...
Шэрлак Голмс (зьлева) зь вязьнем менскай турмы...

— Як там расейская справа? — запытаўся ў Голмса Ўотсан у перапынку паміж стрэламі.

— Беларуская, — удакладніў Голмс. — Бытавое забойства. Ня вартае нашай увагі.

І на гэтым «беларускі матыў» закончыўся. Голмс заняўся нейкай чарговай брытанскай загадкай.

Ну што ж, за Беларусь, безумоўна, крыўдна. Нават забойствы там нецікавыя для брытанцаў, так сказаць…

Але, можа, гэтак і лепей. Ніякіх гораў, прынамсі…

Беларускамоўная мафія

Існуе такая? У беларускім кінэматографе — напэўна не. А вось у галівудзкім — так!

У фільме «Турыст» (The Tourist, 2010) галоўных герояў (іх ролі выконваюць Джоні Дэп і Анджэліна Джолі) перасьледуе мільярдэр-мафіёзі. Ягоныя «рускія» кілеры, якія цягам усяго гэтага фільму з туга закручаным сюжэтам стараюцца забіць Дэпа і Джолі, гавораць па-беларуску. Ну, прынамсі прагаворваюць па некалькі беларускіх словаў паміж стрэламі.

Дый сам мільярдэр-мафіёзі таксама азываецца да кілераў раз ці два па-беларуску. Па-мойму, гэта ўжо яўны перабор.

«Беларускі жыгала»

«Шпіён па суседзтве» (The Spy Next Door, 2010) — сямейная камэдыя з Джэкі Чанам у галоўнай ролі. У адным эпізодзе, недзе на 24-й хвіліне фільму, адзін з другарадных пэрсанажаў абураецца на дзіўнаватую апратку, якую яму сказалі надзець: «І вось гэта я павінен насіць?! Дык я ж падобны на беларускага жыгала!»

Захацелася пабачыць хоць аднаго аўтахтона-жыгала зь Менску, каб ацаніць трапнасьць параўнаньня…

Віцебская турма ў Дзяржынску?

У галівудзкім баевіку «Асуджаныя» (The Condemned, 2007) прадусар крутога reality show на выжываньне прыяжджае ў Беларусь, каб узяць у гэтае шоў сьмяротніка (выкупіць яго ў адміністрацыі калёніі). Надпіс на экране інфармуе гледача, дзе ўсё гэта адбываецца: Dzerzhinsky, Belarus, Vitebsk prison.

Начальнік беларускай турмы прадае сьмяротніка...
Начальнік беларускай турмы прадае сьмяротніка...

І яшчэ: начальнік турмы, які «прадае» сьмяротніка амэрыканцу, сядзіць у шапцы з «Пагоняй» на аколышы…

Эх, і камэнтаваць ня хочацца…

Карацей, вы зразумелі

Стэрэатыпы — страшная рэч.

На жаль, з Галівуду Беларусь пакуль што бачыцца такой, а ня іншай.

А вы думалі — зямля пад белымі крыламі, і таму падобнае…

Дарэчы, крылатая фраза «зямля пад белымі крыламі» — таксама стэрэатып. Насамрэч, гэтыя крылы — чорна-белыя. Неўзабаве вернуцца з выраю буслы, так што можна будзе праверыць, калі што…

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Меркаваньні перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG