Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рамонт помніка Леніну ў Магілёве зь бюджэту выдаткуюць 160 тысяч рублёў


Ленпін каля Магілёўскага аблвыканкаму

На партале дзяржзакупак абвешчаныя таргі: выбіраюць генпадрадчыка для рамонту помніка Леніну, на аднайменнай плошчы ля будынка магілёўскага аблвыканкаму.

На рамонт плянуюць патраціць 160 742 беларускія рублі, грошы возьмуць зь мясцовага бюджэту.

Пра тое, што помнік Леніну адрамантуюць да 150-годзьдзя з дня нараджэньня правадыра, раней паведамляла Mogilevnews.by. Працы плянавалі пачаць у канцы лютага і завяршыць да 22 красавіка.

Помнік Леніну ў Магілёве ўсталявалі ў 1957 годзе.

Беларусь — гэта радзіма помнікаў Леніну. У 1922 годзе ў мястэчку Краснапольле на Магілёўшчыне зьявіўся першы ў сьвеце помнік правадыру Кастрычніцкай рэвалюцыі. Драўляную скульптуру яшчэ пры жыцьці Ўладзімера Леніна зрабіў Артур Грубэ. А ў 1991 годзе Беларусь стала краінай, дзе ўсталявалі апошні ў СССР помнік Леніну. Заснаваная Ленінам савецкая імпэрыя ўжо развальвалася, у суседніх Латвіі і Літве пачыналі дэмантаваць савецкія помнікі, а ў Паставах паставілі новага Леніна ў цэнтры гораду.

Колькі ўсяго помнікаў Леніну ў Беларусі, дакладна ніхто ня ведае. Ёсьць зьвесткі, што за савецкі час па ўсёй краіне ўсталявалі каля 600 помнікаў. Аднак на ўліку ў Мінкульце толькі дзевяць скульптур, якія ўваходзяць у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Яны знаходзяцца ў Баранавічах, Берасьці, Віцебску, Гомлі, Магілёве, Менску, Пінску, Салігорску. Згодна з падлікамі Дзьмітрыя Кудзінава, маскоўскага культуроляга, які зьбірае інфармацыю пра помнікі Леніну па ўсім сьвеце, у 2016 годзе ў Беларусі заставалася 400 з колішніх 600 помнікаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG