Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэччына заявіла аб ударах у адказ на сьмерць сваіх вайскоўцаў у Сырыі


Авіяўдары ў Сырыі, 27 лютага 2020
Авіяўдары ў Сырыі, 27 лютага 2020

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган 28 лютага ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заявіў, што пасьля гібелі 33 турэцкіх вайскоўцаў у выніку авіяўдару ў сырыйскай правінцыі Ідліб Турэччына мае права наносіць ўдары па вайскоўцах арміі Башара Асада і сырыйскіх вайсковых аб’ектах.

Пра гэта сказаў прадстаўнік Эрдагана. Паводле яго, Пуцін і Эрдаган дамовіліся сустрэцца неўзабаве, аднак месца і час сустрэчы не называюцца.

У паведамленьні Крамля аб тэлефоннай размове гаворыцца пра неабходнасьць «прааналізаваць магчымасьць правядзеньня неўзабаве сустрэчы на найвышэйшым узроўні».

Рада Бясьпекі ААН правядзе 28 лютага адкрытае пасяджэньне, на якім абмяркуе абвастрэньне сытуацыі ў правінцыі Ідліб.

Тым часам амбасадары краін-чальцоў NATO выказалі салідарнасьць з Турэччынай пасьля падзеяў у правінцыі Ідліб.

«Мы заклікаем Расею і сырыйскі рэжым спыніць наступальныя апэрацыі і інтэнсіўныя паветраныя ўдары, — сказаў генэральны сакратар альянсу Енс Столтэнбэрг пасля нарады амбасадараў у Брусэлі.

У выніку атакі сілаў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада на паўночным захадзе краіны 27 лютага загінулі сама меней 33 турэцкія салдаты, 36 атрымалі раненьні.

Міністэрства абароны Расеі раней сьцьвярджала, што Турэччына не паведамляла пра разьмяшчэньне сваіх вайскоўцаў. Адначасова ў міністэрстве абароны падкрэсьлілі, што паветрана-касьмічныя сілы Расеі ў гэтым рэгіёне не ўжываліся.

Турцыя ж сьцьвярджае, што Расея была загадзя паінфармаваная пра месцы дысьлякацыі турэцкіх вайскоўцаў, аднак па іх усё роўна быў нанесены авіяўдар. Як заявіў міністар абароны Турцыі, у момант удару паблізу ад турэцкіх пазыцыяў не знаходзіліся ніякія ўзброеныя групы сырыйскай апазыцыі.

Адказнасьць за ўдар Анкара ускладае на войскі Асада. У адказ на гібель сваіх вайскоўцаў Турэччына нанесла ўдары па сілах Асада ў Сырыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG