Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баі ў Ідлібе: звыш 30 турэцкіх вайскоўцаў загінулі ад удараў сілаў Асада


Сырыйскія байцы, падтрыманыя Турэччынай, у правінцыі Ідліб, 20 лютага, ілюстрацыйнае фота

У выніку нападу сілаў прэзыдэнта Сырыі Башара Асада на паўночным захадзе краіны 27 лютага загінулі сама меней 33 турэцкія салдаты, 36 атрымалі раненьні. Пра гэта паведаміў губернатар турэцкай правінцыі Хатай Рахмі Даган.

Гэта самая вялікая адначасовая страта Турцыі за ўсе 9 гадоў вайны ў Сырыі. Прэзыдэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган склікаў пасяджэньне Рады бясьпекі краіны ў чацьвер вечарам, расказвае Al Jazeera. Яна прыняла рашэньне ўдарыць па войсках Асада ў адказ — з паветра і зямлі.

На прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне пасол ЗША ў NATO Кей Бейлі Гатчысан заявіў, што падтрымлівае напад Турцыі на войскі Асада.

«Вядома, мы заахвочваем Турэччыну абараняць свой народ ад сілаў Асада, якія падтрымліваюцца Расеяй. Тут няма ніякіх пытаньняў», — сказаў Гатчысан.

Сырыйская абсэрваторыя правоў чалавека паведаміла напярэдадні, што сырыйскія ўрадавыя сілы, якія падтрымліваюцца Расеяй, узялі пад свой кантроль поўдзень правінцыі Ідліб пасля новых наступальных дзеяньняў супраць паўстанцаў.

У апошнія тыдні войскі прэзыдэнта Сырыі Башара Асада пры падтрымцы Расеі наладзілі наступ паўстанцаў, каб зьнішчыць апошні яшчэ паўсталы анклаў краіны. У выніку яны захапілі вялікія тэрыторыі на поўдні правінцыі Ідліб і ў суседняй правінцыі Алепа.

Турэччына ў адказ на наступленьне Асада ўзмацніла вайсковую прысутнасьць у Ідлібе, спрабуючы дапамагчы апазыцыі. Паведамляецца пра посьпехі ўзброеных апазыцыйных частак пры падтрымцы турэцкай арміі. Сьцьвярджаецца, што яны аднавілі кантроль над горадам Саракіб у правінцыі Ідліб і перакрылі шашу ад Алепа да Дамаска.

Штурм войскаў Асада выклікаў вялікую хвалю ўцекачоў: паводле дадзеных ААН, па стане на канец сьнежня каля 900 тысяч чалавек у рэгіёне, больш за палову зь якіх дзеці, былі вымушаныя пакінуць свае дамы ці часовыя прытулкі і застацца бяздомнымі ў халодны зімовы час.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG