Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскае кіно прыйшло ў Беларусь. Што варта зь яго паглядзець, — тлумачыць кінакрытык з Кіева


Кадар зь фільму «Мае ціхія думкі»

З сотняў новых украінскіх кінафільмаў беларускіх паказаў дачакалася камэдыя «Мае думкі ціхія». Ад 27 лютага яна будзе ісьці ў менскіх кінатэатрах «Піянэр», Silver Screen Galileo, VOKA Cinema і Falcon Club.

Ці адкрые гэты фільм беларускі рынак для ўкраінскага кіно і якія фільмы варта паглядзець беларусам? Пра гэта сярод іншага ў інтэрвію Свабодзе расказаў украінскі кінакрытык Яраслаў Підгора-Гвяздоўскі.

Штогод здымаюць да 40 стужак

Яраслаў Підгора-Гвяздоўскі
Яраслаў Підгора-Гвяздоўскі

У 1990–2000-х гадах сытуацыя з нацыянальным кінэматографам ва Ўкраіне мала чым розьнілася ад беларускай — фільмы амаль не стваралі, большасьць кінатворцаў зьяжджалі з краіны або ратаваліся працай на тэлеканалах, а пляцоўкі ішлі ў арэнду пад здымкі замежных стужак ці музычных кліпаў.

Апошнія гады ва ўкраінскім кінэматографе адбыўся прарыў. Цяпер штогод здымаюць да 40 стужак — мастацкіх, дакумэнтальных, анімацыйных, поўна- і кароткамэтражных, якія ўсё часьцей атрымліваюць узнагароды на міжнародных кінафэстах і зьбіраюць касу ў нацыянальных паказах.

Якія ўкраінскія фільмы вартыя ўвагі

Найперш фільм «Чаркасы» — ён акурат сёньня выходзіць на ўкраінскія экраны. Фільм пра 2014 год і анэксію Крыму, але важна, якімі сродкамі апавядаецца пра падзеі. Гэта вельмі арганічная гісторыя пра сытуацыю, у якой існуюць розныя мовы — і расейская, і ўкраінская (і суржык таксама). Чуваць часам і ненарматыўная лексыка, але мы ня можам сьцерці жыцьцё для кіно настолькі, каб яно цалкам пасавала ўяўленьню некаторых людзей. Трэба, каб усё было праўдзіва, тады глядач можа паверыць і героям, і ў карцінку. Менавіта такі фільм «Чаркасы».

Можна таксама рэкамэндаваць леташні фільм «Дадому» — гэта складаная і сурʼёзная драма.

Можам назваць і гістарычны фільм «Захар Беркут». Варта пераканацца, што мы можам паставіць нават такі гістарычны «экшн», хаця, вядома, не без дапамогі амэрыканскіх спэцыялістаў. Гэты фільм зроблены якраз зь іхным удзелам.

Дакладна варта паглядзець дакумэнтальнае кіно, якое ствараецца ва Ўкраіне. Яно беспрэцэндэнтнае сваёй моцай і якасьцю, менавіта гэтае кіно на ўсіх фэстывалях атрымлівае прызы. Напрыклад, «Школа нумар 3», якая была на Бэрлінскім кінафэстывалі; можам казаць пра фільм «Зямля блакітная, як апэльсін», які на фэстывалі «Сандэнс» у США атрымаў прыз за рэжысуру і цяпер выстаўлены на Бэрлінскім кінфэстывалі.

Нам дакладна варта ўзгадаць фільм «Панарама», які летась быў на Адэскім кінфэстывалі, або фільм «Сьпявае Івана-ФранкоўскЦеплакамунэнэрга“» — дакумэнтальны фільм, які ўзяў купу прызоў ува ўсім сьвеце і добра прайшоў у паказ. Маем што прапанаваць беларускаму гледачу. Трэба проста зьвяртацца.

Украіна на шляху да кінаіндустрыі

Украінскае кіно толькі пачынае свой шлях да індустрыяльнага ўсясьветнага кіно, але зараз можна сьцьвярджаць, што і за кошт колькасьці ўкраінскіх фільмаў у пракаце (35-40 фільмаў у год), Украіна ўжо пачынае ісьці поруч з, прынамсі, нашымі суседзямі, напрыклад, Польшчай.

Гэты шлях, як і ўва ўсіх эўрапейскіх краінах, — наладжаная прадусарская сыстэма і фінансаваньне дзяржавы. Яшчэ вельмі важна, каб кіно было нацыянальна арыентаванае і падтрымлівалася, а не прыгняталася дзяржавай.

У 2011 годзе ва Ўкраіне ўпершыню запрацавала сыстэма, калі ўсе кінатворцы атрымалі роўныя права на дапамогу ад дзяржавы, ці хутчэй на грант і фінансавую падтрымку. Былі заснаваныя пітчынгі (прэзэнтацыі кінапраектаў для пошуку інвэстараў, якія праводзіць дзяржаўная структура «Держкіно». — РС) і кожны можа абараніць свой праект. У 2014–2015 гадах была зроблена больш канкрэтная градацыя па тэмах, і дзякуючы таму, што ў справу ўліваліся мільёны грыўняў, пачалі стварацца калектывы.

Першыя самаакупныя фільмы

Літаральна пазалетась мы дайшлі да акупнасьці фільмаў. Іх, вядома, няшмат, толькі тры фільмы, якія сталі прыбытковымі, але пабудавалася сыстэма, дзякуючы якой кінэматаграфія можа стаць прывабнай для замежнага інвэстара, спонсара ці партнэра, якія могуць ацаніць нашае тэхнічнае і кінэматаграфічнае майстэрства.

Цяпер практычна ўсе кінфэстывалі сьвету маюць украінскія фільмы, ідзецца найперш пра фэстывалі клясы А. Літаральна на некалькіх фэстывалях гэтай клясы ўкраінскае кіно ня выстаўлена. Але гэта, мяркую, пытаньне часу.

Сёлета ва Ўкраіне на кіно выдаткавалі 30 мільёнаў даляраў

Дзяржава мусіць быць дэмакратычнай і надаваць пляцоўку кожнаму творцу. Калі ён мае выдатную ідэю, мае дакладна напісаны плян рэалізацыі ідэі, ён можа прыйсьці ў «Держкіно», падаць свой праект на адзін з конкурсаў, якія праходзяць цягам году, і атрымаць фінансаваньне. Але яму трэба абараніць свой праект і пераканаць, што ён лепшы за іншыя.

Уласна, уся справа пачыналася з разуменьня неабходнасьці кіно для дзяржавы. У 1990–2000-х гадах кіно ў краіне нікому не было патрэбна, таму яго і не існавала. Толькі ў 2011 ці 2012 годзе дзяржава ўпершыню выдаткавала пэўныя сумы, на якія можна было ствараць кіно. Пасьля гэтага штогод сумы павялічвалі. Чым большыя былі посьпехі ўкраінскага кіно на фэстывалях, тым большым быў уплыў лобі, прысутнага ў парлямэнце, якое магло сказаць, што трэба выдаткоўваць больш грошай.

Сёлета на кіно ўжо выдаткавалі рэкордную суму — каля 750 мільёнаў грыўняў (больш за 30 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС).

«Кіно патрабуе вялікіх укладаньняў»

Да апошняга часу ва Ўкраіне дзейнічала сыстэма, калі, скажам, дэбютныя анімацыйныя кароткамэтражныя і дакумэнтальныя фільмы фінансавала дзяржава на сто адсоткаў. Рэшту — усе фільмы паўнамэтражнага фармату — дзяржава фінансавала на 50 адсоткаў, а прадусару патрэбна было даць гарантыі, што ён мае яшчэ такую ж суму ад зацікаўленых украінскіх або замежных прадусараў.

У цяперашняй эканамічнай сытуацыі ва Ўкраіне вельмі цяжка знайсьці яшчэ палову неабходных коштаў. Гэта ўсе разумелі, таму шмат гадоў рыхтаваўся пляцдарм, каб паўплываць на Вярхоўную Раду і зьмяніць закон пра кіно, які б гарантаваў, што дзяржава будзе выдаткоўваць 80 адсоткаў на стварэньне фільмаў. Гэта б спрасьціла працу, было б значна больш фільмаў.

Уласна, мінулыя пітчынгы паказалі, наколькі шмат ёсьць і прадусараў, і кампаніяў, і адпаведна выдатных праектаў. Як экспэрт «Держкіно» я чытаў усе праекты і мушу сказаць, што ў нас насамрэч ёсьць людзі, якія могуць пісаць сцэнары на ўзроўні эўрапейскага кіно.

Цяпер зьмянілася ўлада, якая пачынае перарабляць усё пад сябе, і не заўсёды сумленна і разумна. Леташнія пітчынгі былі пераробленыя і для вялікай часткі выбраных праектаў фактычна скасаваныя. І абсалютна ня ўзгоднена, што будзе з выбранымі летась праектамі, яны завісьлі ў паветры. Невядома, ці патрэбны будзе дадатковы конкурс і якім будзе фінансаваньне — гэтага зараз, на жаль, ніхто ня можа сказаць. Гавораць пра розныя палітычныя рэчы, а не практычныя.

Чаму ўкраінскае кіно слаба прадстаўленае ў Беларусі

Я ведаю, што нашыя фільмы прадстаўленыя ў Беларусі, хаця, можа, не ў такіх шырокіх паказах, як нам гэтага хацелася б. Але калі ёсьць прычына, то мяркую, што яна зьвязаная з палітычнымі абставінамі. Украінскія фільмы апошніх гадоў актуалізаваныя, закранаюць палітычныя моманты, аўтары больш свабодныя і дэмакратычныя ў сваіх выказваньнях, а ў Беларусі, наколькі я разумею, гэта немагчыма.

Памятаю выпадкі, калі з фэстывалю «Лістапад» здымалі фільмы толькі таму, што ў іх былі моманты, непажаданыя міністэрству культуры Беларусі ці прэзыдэнту. І яшчэ трэба казаць пра мэтазгоднасьць выхаду фільмаў у той ці іншай краіне. Ва Ўкраіне маленькі рынак, які ня можа даць прыбытку нашым фільмам. У Беларусі гэты рынак яшчэ меншы. Мяркую, што менавіта пра гэта і думаюць прадусары, якія займаюцца арганізацыяй паказаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG