Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антыбеларускія ВК-суполкі прааналізавалі: «Актыўнае ядро 800 чалавек»


Аўтапрабег руху «НОД» у Менску, 2017 год
Аўтапрабег руху «НОД» у Менску, 2017 год

Міжнародная ініцыятыва iSANS апублікавала даклад «Таксычныя паблікі Беларусі». У папулярнай сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» знайшлі 35 такіх старонак.

У дасьледаваньне ўключылі старонкі, якія ганьбяць беларускую мову, культуру і гісторыю; робяць заявы пра несапраўднасьць беларускай нацыі, ужываюць мову варожасьці да асобных сацыяльных групаў беларускага грамадзтва. Разглядалі ў тым ліку суполкі, у якіх большасьць кантэнту нэўтральная, але «ў рознай ступені рэгулярнасьці публікуецца таксычны кантэнт».

Найбуйнейшыя суполкі ў дасьледаваньні маюць звыш 10 тысяч падпісантаў. Але ў дасьледаваньні адзначылі і прагляды публікацыяў старонак — у большасьці выйшла істотна менш за 1 прагляд на падпісанта.

Найбольш актыўная суполка мела 2,9 прагляда на падпісанта, а найбольшая паводле колькасьці ўдзельнікаў — 0,2 прагляда на падпісанта (трэцяя па велічыні — 0,0039 прагляда на падпісанта).

Беларускі каардынатар iSANS, блогер Антон Матолька піша, што «быў зьдзіўлены, што ўсё даволі чыста ЎКантакціку»: ён пабачыў толькі 5 «больш-менш ключавых» суполак, а таксама толькі некалькі новых, якія маюць рост падпісантаў.

На ягоную думку, гэта «ня так страшна, улічваючы агульную аўдыторыю ЎКантакце ў Беларусі» (у апытаньні Акадэміі навук у канцы 2018 году 43% беларусаў сказалі, што карыстаюцца VK; у самой сацсетцы 5,35 млн чалавек пазначылі сваёй краінай Беларусь).

«А калі паглядзець „актыўнае ядро“, напрыклад, людзі, якія падпісаныя на пяць і больш суполак з гэтага сьпісу, дык гэта ўвогуле ўсяго 800 чалавек, — адзначае Матолька. — Але гэта толькі „ЎКантакце“. І толькі пакуль тое, што заўважылі, таму і просім дасылаць любыя вядомыя антыбеларускія суполкі ў любых сацсетках, што ў нас ёсьць».

Расказаць дасьледчыкам пра «таксычныя прапагандысцкія паблікі» можна праз гэтую форму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG