Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскаму інвэстару выставілі прэтэнзію на 30 млн эўра за асіповіцкі завод


Вагонабудаўнічы завод у Асіповічах увялі яшчэ ў 2013 годзе, але ён не запусьціўся на поўную магутнасьць і практычна спыніўся. Працэс банкруцтва заводу маюць завершыць да 20 сакавіка.

Намесьнік генэральнага пракурора Беларусі падаў позву да былых расейскіх уладальнікаў і топ-мэнэджараў Асіповіцкага вагонабудаўнічага заводу на суму каля 30 млн эўра, піша Tut.by са спасылкай на матэрыялы эканамічнага суду Магілёўскай вобласьці.

26% акцыяў заводу належалі Беларускай чыгунцы, а 74% — расейскай кампаніі «Гранд Экспресс».

Завод збудавалі ў 2013 годзе на базе асіповіцкага вагонарамонтнага заводу, але прадпрыемства ня выйшла на праектныя магутнасьці (плянавалася рабіць 2,5 тысячы грузавых вагонаў і 2 тысячы танк-кантэйнэраў на год) і практычна спыніла працу.

Яшчэ да запуску на поўную магутнасьць расейцы прапаноўвалі пачаць «фінансавае аздараўленьне» заводу, беларускі ж бок прапанаваў расейцам перадаць кантрольны пакет акцыяў беларускай дзяржаве.

За крэдыт на будаўніцтва заводу Міністэрству фінансаў Беларусі давялося заплаціць звыш 2,5 млн даляраў пратэрмінаванай запазычанасьці.

У 2016 годзе беларускія ўлады пачалі працэдуру банкруцтва заводу, перадалі маёмасьць Беларускай чыгунцы, перавялі работнікаў на Асіповіцкі завод транспартнага машынабудаваньня. Расейскія бізнэсоўцы тым часам выстаўлялі судовыя прэтэнзіі беларускаму боку, вінавацілі беларусаў у неналежным выкананьні абавязкаў, але дэталі суду беларускія ўлады засакрэцілі.

Тэрмін ліквідацыйнай вытворчасьці ў справе аб банкруцтве заводу працягнуты да 20 сакавіка 2020 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG