Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 гадоў таму забілі апанэнта Пуціна Барыса Нямцова. У Расеі рыхтуюць акцыі ягонай памяці


Кветкі і партрэты Барыса Нямцова на Вялікім Маскварэцкім мосьце, дзе яго забілі. 27 лютага 2019 году

Пяць гадоў таму ў Маскве на Вялікім Маскварэцкім мосьце забілі аднаго зь лідэраў расейскай апазыцыі Барыса Нямцова. Апоўдні ягоныя сябры і паплечнікі ўскладуць кветкі на магілу палітыка на Траякураўскіх могілках.

Увечары кветкі і сьвечкі панясуць на месца забойства Барыса Нямцова. 29 лютага ў Маскве пройдзе Марш Нямцова, прымеркаваны да пяцігодзьдзя яго гібелі. Гэта будзе палітычная акцыя за зьмяняльнасьць улады ў Расеі. Менавіта за гэта, на думку арганізатараў, змагаўся палітык, і за гэта аддаў сваё жыцьцё. Акцыі памяці Нямцова таксама пройдуць у іншых гарадах Расеі і сьвету.

20 лютага, напярэдадні пяцігодзьдзя гібелі Барыса Нямцова, у Вене на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ быў прадстаўлены даклад пра расьсьледаваньне забойства апазыцыйнага палітыка. Адным з магчымых наступстваў публікацыі дакладу можа быць увядзеньне пэрсанальных санкцыяў супраць людзей, якія маюць дачыненьне да гэтага злачынства.

Галоўная выснова дакладу, які рыхтавала віцэ-старшыня Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Маргарэта Сэдэрфэльт — расейская ўлада ўсяляк перашкаджае аб’ектыўнаму расьсьледаваньню забойства Нямцова. Віцэ-сьпікер Дзярждумы Пётар Талстой сказаў, што даклад «ня мае практычнага сэнсу».

Выканаўцы забойства, пяцёра ўраджэнцаў Чачэніі Заур Дадаеў, браты Анзор і Шадыд Губашавы, Тэмірлан Эскерханаў і Хамзат Бахаеў атрымалі ад 11 да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму. Паводле прысуду, яны атрымалі за злачынства ўзнагароду ў 15 мільёнаў рублёў. Аднак заказчыкаў забойства да гэтага часу не знайшлі, расьсьледаваньне ў дачыненьні да іх фактычна не праводзіцца. Родныя і калегі Нямцова лічаць, што да арганізацыі злачынства і пакрываньня вінаватых датычнае асяродзьдзе Ўладзіміра Пуціна.

Цалкам чытайце на сайце расейскай службы Свабоды.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG