Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране парлямэнцкія выбары прайшлі пры самай нізкай яўцы


Іранскія выбарнікі ў значнай ступені праігнаравалі заклікі ўраду ўдзельнічаць у выбарах. Усеагульныя выбары, якія адбылася 21 лютага, выявілі найбольшую пасіўнасьць выбарнікаў за ўсе гады пасьля Ісламскай рэвалюцыі 1979 году і абвяшчэньня Ісламскай Рэспублікі Іран.

Паводле зьвестак Міністэрства ўнутраных спраў Ірана, яўка на выбарах стала рэкордна нізкай — 42,57 % ад агульнай колькасьці зарэгістраваных выбарнікаў. Гэта на 20 адсоткавых пунктаў ніжэй, чым на папярэдніх выбарах 2016 году.

Радыё Фарда — іранская служба Свабоды — піша, што нізкая яўка наносіць сур'ёзны ўдар па клерыкальнай уладзе. Асабліва прыкметнай была пасіўнасьць выбарнікаў у буйных гарадах, уключаючы Тэгеран, дзе на ўчасткі для галасаваньня прыйшлі ад 20 да 30 адсоткаў грамадзян з правам голасу.

Іранцы 21 лютага галасавалі на парлямэнцкіх выбарах, на якіх усе кандыдаты былі папярэдне ўхваленыя ісламскімі клірыкамі, а тысячы заявак ад рэфарматараў і памяркоўных сілаў адхіленыя: да выбараў дапусьцілі 7148 кандыдатаў, адхілілі каля 9 тысяч кандыдатаў, у тым ліку 90 дэпутатаў мінулага скліканьня — многія былі вядомыя як рэфарматары або памяркоўныя палітыкі.

Выбары праходзілі на тле пратэстаў і незадаволенасьці іранцаў карупцыяй ва ўладзе і пагаршэньнем эканамічнага стану, а таксама скандалам са зьбіваньнем украінскага самалёта і амэрыканскай палітыкай «максымальнага ціску».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG