Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуса абвінавацілі ў перасылцы атруты ў амэрыканскую турму


Ілюстрацыйнае фота

34-гадоваму грамадзяніну Беларусі Ўладзіславу Цімашчуку выстаўленыя абвінавачаньні ў пагрозах турэмшчыкам у Злучаных Штатах і перасылцы ў каліфарнійскую турму «таксычных рэчываў у якасьці зброі», паведамляе пракуратура Паўночнай акругі Каліфорніі.

Паводле пракуратуры, Уладзіслаў Цімашчук пераслаў зь Беларусі два лісты (адзін у 2016 годзе, адзін у 2018-м) з атрутай рыцынам у турму Pelican Bay у Каліфорніі, адрасаваўшы іх начальніку турмы і зьняволеным (адзін зь якіх пазначаны як A.C.). Яму пагражае да 5 гадоў турмы за пагрозы і да году за перасылку небясьпечных прадметаў, магчымы таксама буйны штраф.

Сам Цімашчук раней быў зьняволены ў Каліфорніі — паводле The New York Times, у 2006 годзе яго пасадзілі за рабаваньне, згон машыны і гвалт адносна службовай асобы. Але пасьля датэрміновага вызваленьня ў 2011 годзе яго дэпартавалі ў Беларусь. У Pelican Bay ён не сядзеў.

Адзначаецца, што ў 2017 годзе невядомы пагражаў штодзень забіваць школьнікаў у горадзе Анагайм, калі з турмы ня вызваляць згаданага А.С. У 2019 годзе амэрыканскія турэмшчыкі перахапілі ліст, які Цімашчук пісаў вязьню Тэадору Качынскаму (эка-тэрарысту, вядомаму як «Унабомбэр», які забіў трох і параніў два дзясяткі чалавек). У тым лісьце Цімашчук узяў на сябе адказнасьць за пагрозы ў Анагайме і расказваў пра плян з рыцынам.

Беларусь ня мае дамовы пра экстрадыцыю з ЗША. Пракуратура не паведамляе, ці чакае, што Цімашчука даставяць у Штаты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG