Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканская выведка выявіла, што Расея спрабуе дапамагчы Трампу на выбарах


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін (справа) з найбліжэйшым атачэньнем: Дзьмітры Пяскоў, Сяргей Шайгу, Сяргей Лаўроў.

Афіцыйныя прадстаўнікі амэрыканскіх выведслужбаў папярэдзілі амэрыканскіх заканадаўцаў аб тым, што Расея ўмешваецца ў перадвыбарчы працэс ЗША, спрабуючы аказаць падтрымку Дональду Трампу ў яго выбарчай кампаніі.

Пра гэта паведамляе газэта New York Times са спасылкай на інфармаваныя крыніцы. Паводле зьвестак газэты, даклад, прадстаўлены заканадаўцай Шэлбі Пірсан, якая адказвае ў Нацыянальнай выведцы за бясьпеку выбараў, выклікаў незадаволенасьць прэзыдэнта Дональда Трампа, які паскардзіўся на тое, што гэтыя дадзеныя могуць выкарыстаць ягоныя апанэнты-дэмакраты супраць яго.

Паводле дадзеных амэрыканскай выведкі, гэтым разам Расея пачала кібэрапэрацыі ўжо на этапе першасных выбараў у Дэмакратычнай партыі. Пра падрабязнасьці апэрацый нічога не паведамляецца, але на гэты раз расейскія апэратыўнікі дзейнічаюць больш асьцярожна, карыстаючыся сэрвэрамі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Злучаных Штатаў, не ствараючы фіктыўных старонак у сацыяльных сетках, якія ўвялі дадатковыя захады абароны, а спрабуючы ўзьдзейнічаць на амэрыканскіх выбарнікаў іншымі шляхамі.

Падчас выведніцкага брыфінгу ў Кангрэсе некалькі заканадаўцаў-рэспубліканцаў засумняваліся ў выснове амэрыканскай выведкі аб тым, што Расея вядзе апэрацыі ў падтрымку кандыдатуры Дональда Трампа, настойваючы на тым, што дзеяньні і палітыка прэзыдэнта Трампа даставілі нямала шкоды Крамлю: гэта і дадзеная ягонай адміністрацыяй ваенная падтрымка Ўкраіне, гэта і спробы ізаляцыі дружалюбнага Маскве іранскага рэжыму.

Галоўная мэта Крамля, як сьцьвярджаюць амэрыканскія аналітыкі-выыведнікі, унесьці сумятню ў амэрыканскі выбарчы працэс і выклікаць недавер да вынікаў выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG