Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога дарадцу Трампа асудзілі на 3 гады і 4 месяцы турмы


Роджэр Стоўн

Суд у ЗША 20 лютага асудзіў Роджэра Стоўна, былога дарадцу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, на тры гады і чатыры месяцы пазбаўленьня волі. Раней ён быў прызнаны вінаватым па абвінавачваньнях ў дачы хлусьлівых паказаньняў у Кангрэсе, перашкодзе правасудзьдзю і аказаньні ціску на сведак.

Абвінавачаньні супраць Стоўна зьвязаныя з расьсьледаваньнем спэцпракурора Робэрта Мюлера пра меркаванае расейскае ўмяшаньне ў выбары ў ЗША. На падставе гэтага расьсьледаваньня раней былі асуджаныя яшчэ некалькі былых супрацоўнікаў штабу Трампа. Абвінавачваньні не зьвязаныя з супрацоўніцтвам з Расеяй.

Галоўнае абвінавачаньне ў адрас Стоўна тычыцца паказаньняў на слуханьнях у Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу пра кантакты з сайтам WikiLeaks, які публікаваў матэрыялы, атрыманыя шляхам узлому сэрвэра Дэмакратычнай партыі — як мяркуецца, расейскімі хакерамі. Было выяўлена, што Стоўн валодаў інфармацыяй пра тое, што WikiLeaks мае дакумэнты, выкрадзеныя хакерамі з сэрвэра Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі.

Пракуроры прасілі прызначыць 67-гадоваму Стоўну ад 7 да 9 гадоў пазбаўленьня волі. Гэтая рэкамэндацыя выклікала гнеўную рэакцыю прэзыдэнта Трампа, даўнім сябрам якога зьяўляецца Стоўн. Генэральны пракурор Уільям Бар даручыў перагледзець рэкамэндацыі пра прысуд, пасьля чаго чацьвёра пракурораў, якія вялі справу, падалі ў адстаўку. Дэмакраты абвінавацілі Трампа ва ўмяшаньні ў правасудзьдзе. Генпракурор выказаў незадаволенасьць допісамі прэзыдэнта ў Твітэры, але сказаў, што ціск на яго не аказваўся. Трамп працягнуў камэнтаваць справу, ён заяўляе пра перадузятасьць судзьдзі і калегіі прысяжных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG