Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лёг! По ногам стреляю!» Як у 1999 расейскія «беркутаўцы» захапілі беларускую вёску. ВІДЭА


Напад на вёску Мікалаеўка. Фрагмэнт відэазапісу
Напад на вёску Мікалаеўка. Фрагмэнт відэазапісу

Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у новай рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму»

Раніцай 30 чэрвеня 1999 году жыхары вёскі Мікалаеўка, што ў Сьветлагорскім раёне, пачулі выбухі і аўтаматныя стрэлы. У вёску увайшлі людзі ў чорнай і камуфляжнай форме. Гэта, пераважна, былі падлеткі, але камандавалі імі дарослыя.

Яны ўрываліся ў хаты, хапалі людзей, вывалаквалі іх на вуліцу і пад дуламі аўтаматаў загадвалі легчы на зямлю.

Выцягвалі з хатаў усіх — старых, жанчынаў, дзяцей. Пад ногі кідалі выбухоўку.

Тых, хто супраціўляўся — білі прыкладамі і нагамі. Потым прымусілі ўставаць, уздымаць рукі ўгару, і пад канвоем вялі на школьны стадыён. Некаторым чаплялі кайданкі альбо зьвязвалі рукі вяроўкамі.

Спрабавалі схавацца пад сталамі

Не абмінулі захопнікі і калгасную кантору, дзе арыштавалі старшыню калгасу, і сельсавет — там паклалі на падлогу старшыню. Супрацоўнікі калгаснай бухгальтэрыі схаваліся пад сталамі, але ўсё адно былі выцягнутыя на вуліцу, некаторыя — зьвязаныя і адканваіраваныя на стадыён.

З будынку сельсавету быў сарваны сьцяг, які пасьля рэфэрэндуму 1995 года лічыцца дзяржаўным, і вывешаны расейскі.

Старшыняў калгасу і сельсавету пад канвоем прывялі на школьны стадыён, які ўжо быў ачэплены дзясяткамі падлеткаў у форме.

Неўзабаве на стадыёне зьявіўся чалавек у камуфляжы, які назваўся Анатолем Селівончыкам, і заявіў пабітым і перапалоханым вяскоўцам, што гэта гульня «Зарница», а больш як 120 чалавек у форме — члены вайскова-спартовага клюбу «Беркут» з расейскага гораду Сургут.

Вяскоўцам паведамілі, што «беркутаўцы» прыбылі ў Беларусь напярэдадні сьвяткаваньня 55-й гадавіны вызваленьня Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, прайшлі па месцах баявой і партызанскай славы. Мікалаеўку абралі для імітаваньня захопу.

На завяршэньне «апэрацыі» Селівончык пакінуў вяскоўцам у якасьці кампэнсацыі скрыню гарэлкі, і «беркутаўцы» зьехалі зь Мікалаеўкі.

«Местным старикам напомнили, а более молодым колхозникам наглядно продемонстрировали метод фашистских карателей во время войны» — гэтак пазьней ахарактырызуе падзеі Першы канал расейскага тэлебачаньня.

«Так званыя расейскія патрыёты паводзілі сябе на беларускай зямлі акурат як захопнікі» — паведамляў карэспандэнт Радыё Свабода.

Хіба што толькі нікога не забілі (але некалькі чалавек, у тым ліку і дзеці, мелі траўмы). Ну і не спалілі вёску.

«Беркутаўцы» наступаюць, АМАП перамагае

Наступным прыпынкам у «беркутаўцаў» быў Бабруйск, дзе расейскіх гасьцей разьмясьцілі не абы дзе, а ў казармах мясцовай вайсковай часткі.

І толькі пасьля скаргаў жыхароў Мікалаеўкі ў пракуратуру да «беркутаўцаў» накіравалася міліцыя і прапанавала пакінуць казармы. Размовы не падзейнічалі, быў выкліканы атрад АМАПу. Селівончык аддаў загад — прарваць ачапленьне, тараніць браму аўтамабілем. Расейскія «Беркутаўцы» кінуліся біцца, але няўдала: беларускі АМАП перамог.

Былі канфіскаваныя «зброя» (з халастымі патронамі), выбуховыя прыстасаваньні, а таксама відэастужка «захопу», які здымалі «беркутаўцы»

Усіх ўдзельнікаў «гульні», акрамя арыштаванага Селівончыка, адпусьцілі, яны вярнуліся ў Расею.

Псыхіятрычная экспэртыза: здаровы

Анатоль Селівончык, які нарадзіўся ў Беларусі і меў пасьпяховы бізнэс у Расеі, быў у той час добра вядомы сваім мэцэнатствам — так, ён фінансаваў стварэньне копіі Крыжа Эўфрасіньні Полацкай, спрыяў выданьню некаторых кніг на беларускай мове. Адначасна, актывісты нацыянальна арыентаванай дэмакратычнай апазыцыі ставіліся да яго насьцярожана, з прычыны падтрымкі Селівончыкам інтэграцыі Беларусі і Расеі.

Селівончыку, у выніку, былі прад’яўленыя абвінавачваньні паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: злоснае хуліганства, непадпарадкаваньне работнікам міліцыі і незаконнае пазбаўленьне волі. Псыхіятрычная экспэртыза прызнала яго здаровым.

3 красавіка 2000 сьветлагорскі суд прысудзіў Селівончыку 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму (пракурор прасіў 5 гадоў, але суд улічыў, што непасрэднага ўдзелу ў нанясеньні пабояў людзям і пазбаўленьні іх волі Селівончык не прымаў, а таксама наяўнасьць у яго дзяцей). Празь некалькі месяцаў, у верасьні, ён патрапіў пад амністыю, быў вызвалены і выехаў у Расею.

Чаму ўсіх адпусьцілі, акрамя аднаго

Ніжэй — рэпартаж Свабоды зь першага дня паседжаньня, пасьля якога судзьдзя, у выніку паводзінаў Селівончыка ў часе працэсу, вырашыла выдаліць яго з залі.

Відэафрагмэнты «захопу» Мікалаеўкі, зьнятыя самімі «беркутаўцамі» і канфіскаваныя сьледзтвам, можна паглядзець у рэпартажы студыі «Ранак» Сьветлагорскага раёну, які выйшаў у эфір у 2000 і цяпер выстаўлены на Youtube.

У 1999-2000 гэтая гісторыя актыўна абмяркоўвалася ў беларускім грамадзтве — як і магчымыя прычыны, паводле якіх міліцыя затрымала аднаго Селівончыка, адпусьціўшы ня толькі падлеткаў, але і ўсіх «выхавацеляў» зь ліку вэтэранаў вайны ў Аўганістане і Чачні (на відэа бачна, што каманды «Лечь! По ногам стреляю!» аддаюць дарослыя). Найбольш папулярнай вэрсіяй была —- нежаданьне псаваць адносіны з Масквой. Засталося невядомым, якім чынам «беркутаўцам» удалося ўладкавацца ў вайсковай частцы ў Бабруйску, і хто ўвогуле даваў дазвол на правядзеньне такой «гульні» на тэрыторыі Беларусі.

Між іншым, выказвалася і меркаваньне, што калі б у Беларусі існаваў дазвол на валоданьне агнястрэльнай зброяй, «беркутаўцы» былі б спыненыя адразу ж, а мо нават увогуле не асьмеліліся б напасьці на Мікалаеўку: сярод вяскоўцаў было некалькі сьмелых, якія спрабавалі абараніцца —- рыдлёўкамі.

Перадача сьветлагорскага тэлеканалу «Ранак», 2000 год.

Суд над Селівончыкам

Казімір Яноўскі, Гомельская вобласьць. Эфір 21 лютага 2000.

Сёньня ў Сьветлагорску распачаўся суд над расейскім бізнэсоўцам Анатолем Селівончыкам. Справу разглядае старшыня суду Надзея Раманава.

Абвінавачаньне ў злосным хуліганстве і супраціве міліцыі па артыкуле 203 ч.3 Крымінальнага Кодэксу падтрымлівае старэйшы памочнік пракурора Сяргей Кулажанка. Як паведаміла судзьдзя Раманава, справа Селівончыка складаная — але ня столькі з юрыдычнага пункту погляду...

Раманава: «Складаная яна ў псыхалягічным пляне. Вось Селівончык прыехаў — і ўжо сядзіць крычыць. Вось і складанасьць... Крычыць, усім незадаволены. Паводзіць сябе вельмі непрыгожа, не як дарослы чалавек».

Не зьмяніў сваіх паводзінаў расейскі бізнэсовец і пасьля таго, як адкрылася судовае паседжаньне. Абражаў усіх: і суд, і пацярпелых, і нават адваката. Самы прыстойны выраз: «Алені вы бязрогія, душыць вас танкамі трэба!».

З-за характару Селівончыка адмовілася абараняць вядомая сталічная адвакатка Вера Страмкоўская, таму суд з уласнай ініцыятывы прызначыў яму сьветлагорскую адвакатку Тамару Вінаградаву. Менавіта яна прысутнічала летась пры затрыманьні бізнэсоўца міліцыяй.

Летась у чэрвені Анатоль Селівончык на свае сродкі прывёз у Сьветлагорскі раён з расейскага места Сургут ваенізаваны атрад «Беркут». 30 чэрвеня аматары патрыятычных гульняў з суседняй краіны захапілі вёску Мікалаеўку. Гэта была быццам баявая апэрацыя: з сыгнальнымі ракетамі, з аўтаматнымі чэргамі халастымі патронамі, выбуховымі пакетамі. Мужчын і жанчынаў білі прыкладамі, прыніжалі, вадзілі пад канвоем. Словам, расейскія «беркутаўцы» паводзілі сябе, як сапраўдныя захопнікі.

У выніку апэрацыі пацярпелі 19 жыхароў Мікалаеўкі — прынамсі, столькі значыцца ў крымінальнай справе. Сёньня на судзе давалі паказаньні першыя зь іх: Мікалай Біцюк, Ала Сахвон, Анатоль Русіновіч. Яны пацьвердзілі факт гвалту.

Адзначу, што з атраду ў 120 чалавек за падзеі таго дня перад судом паўстаў толькі адзін Селівончык. Ягоных падапечных праваахоўчыя ворганы вырашылі адпусьціць неўзабаве пасьля затрыманьня. Хутчэй за ўсё, таму, што была каманда не разьдзімаць канфлікт — не дасьледаваць, як паводзяць сябе «старэйшыя браты» на беларускай тэрыторыі.

А Селівончык — ён хаця й расейскі бізнэсовец, але родам з суседняй з Мікалаеўкай вёскі Гамза. Такім чынам, канфлікт зь міждзяржаўнага як бы вярнуўся на беларускую глебу. Зьмененае пракуратурай і першапачатковае абвінавачаньне Селівончыку: «Арганізацыя групавых дзеяньняў, што парушалі грамадзкі парадак». Цяпер яго судзяць за «злоснае хуліганства і супраціў міліцыі», хаця сам Селівончык мікалаеўцаў не зьбіваў.

Больш за тое, землякам ён у свой час купіў аўтобус. Вядома таксама, што жыхар Сургуту выдаткоўваў сродкі берасьцейскаму майстру Мікалаю Кузьмічу на выраб копіі крыжа сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. Праўда, цяпер расейскі бізнэсовец беларускага паходжаньня гатовы, паводле ягоных словаў, сказаных на судзе, «таптаць усіх танкамі»...

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG