Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі патаньнеюць электрамабілі: у ЭАЭС зрабілі крок да іх бязмытнага ўвозу


Запраўка электрамабіля

Калегія Эўразійскай эканамічнай камісіі падтрымала праект рашэньня аб вызначэньні нулявой стаўкі ўвазнога мыта на электрамабілі да канца 2020 году, вынікае з прэс-рэлізу арганізацыі.

«Гэты захад будзе распаўсюджвацца ў тым ліку на тавары, якія перамяшчаюцца цераз мытную мяжу фізычнымі асобамі», — удакладняецца ў паведамленьні.

Эўразійская эканамічная камісія —​ наднацыянальны орган рэгуляваньня Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), раней — Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы.

Старшыня калегіі Міхаіл Мясьніковіч лічыць, што такія захады будуць спрыяць фармаваньню на тэрыторыі Эўразійскага эканамічнага саюзу рынку электрамабіляў, разьвіцьцю іх вытворчасьці і зараднай інфраструктуры. Канчатковае рашэньне мусіць прыняць Савет Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Нулявая стаўка ўвазнога мыта на электрамабілі ўжо дзейнічала ад верасьня 2016 году да жніўня 2017-га. За гэты час імпарт у Беларусь павялічыўся ў фізычным вымярэньні ў 4 разы, у вартасным — у 8 разоў. Нягледзячы на гэта, пад ціскам расейскіх вытворцаў аўта з рухавікамі ўнутранага згараньня гэтая палёгка была скасаваная. Цяпер на тэрыторыі ЭАЭС ў дачыненьні да транспартных сродкаў з электрарухавікамі дзейнічае стаўка сукупнай мытнай платы: 15% мыта плюс 20% ПДВ.

У прэс-рэлізе адзначаецца, што ад 2018 году ў рамках ЭАЭС дзейнічае плян стымуляваньня вытворчасьці і карыстаньня транспартнымі сродкамі з электрычнымі рухавікамі да 2020 году. Прадугледжваліся, у прыватнасьці, гранты на распрацоўку электрамабіляў і зьніжэньне ставак увазнога мыта на на камплектныя і базавыя кампанэнты, а таксама зарадную і сэрвісную інфраструктуру.

У Беларусі спрабавалі наладзіць выпуск электрамабіляў на базе беларуска-кітайскага прадпрыемства «Джылі», аднак да сэрыйнай вытворчасьці справа не дайшла.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG