Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяпло трэці дзень запар б’е рэкорды ў Беларусі


У Віцебскай вобласьці, ілюстрацыйнае фота
У Віцебскай вобласьці, ілюстрацыйнае фота

За дзень 19 лютага максымумы тэмпэратураў за ўвесь час назіраньняў былі зафіксаваныя на 35 мэтэастанцыях Беларусі, адзначае БелаПАН. Яшчэ на дзьвюх станцыях паўтарыліся ранейшыя рэкорды.

Днём раней рэкорды былі на такой жа колькасьці станцыяў, двума днямі раней — аж на 44.

Самым цёплым месцам у Беларусі 19 лютага 2020 году былі Жыткавічы, дзе новы рэкорд склаў +8,9°С. Ранейшы рэкорд у +8,5°С трымаўся 70 гадоў.

Але абсалютны максымум па ўсёй Беларусі пабіты ня быў: у 1950 годзе ў гэты дзень у Берасьці было аж +9,6°С.

Абнавіліся рэкорды ў Менску (+6,6°С супраць рэкорду 1998 году ў +6,0°С), Горадні (+7,3°С супраць +7,1°С у 1998-м), Магілёве (+7,2°С супраць +6,6°С у 1961-м), Віцбску (+5,5°С супраць +5,0°С у 1961-м).

Гэта ўжо пяты дзень у лютым з тэмпэратурнымі рэкордамі. Надзвычай цёпла было таксама 1 і 2 лютага.

Магчыма, рэкорды будуць пабітыя і 20 лютага. Як у гэты дзень, так і да канца тыдня па ўсёй Беларусі прагназуюць плюсавыя тэмпэратуры і ўдзень, і ўночы — гэта цяплей за кліматычную норму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG