Баявікі, якіх падтрымлівае Расея, зранку 18 лютага атакавалі пазыцыі ўкраінскай арміі ў раёне Залатога ў Луганскай вобласьці Ўкраіны, паведамляе штаб украінскай ваеннай апэрацыі Аб'яднаных сілаў.
Абстрэл прычыніў страты ўкраінскім войскам, але колькасьць пацярпелых не называюць, перадае ўкраінская служба Свабоды.
У штабе адзначаюць, што атака праводзілася з забароненых паводле менскіх пагадненьняў 120-мілімэтровых мінамётаў, а таксама гранатамётаў і кулямётаў вялікіх калібраў. Страляюць блізу населеных пунктаў Наваташкоўскае, Арэхавае, Крымскае і Хутар Вольны.
Украінскія вайскоўцы, як сьцьвярджаецца, «даюць адэкватны адказ».
Кіраўніцтва так званай «ЛНР» у сваю чаргу абвінавачвае ўкраінскае войска ў абстрэлах Голубеўкі, Данецкага, Сьмелага і Сакольнікаў.