У часе суду аб кампэнсацыі за жытло, адабранае ў ходзе савецкіх рэпрэсій, судзьдзя Канстытуцыйнага суду Расеі Канстанцін Араноўскі аддзяліў Расею ад «незаконна створанай дзяржавы Савецкага Саюзу», паведамляе «Настоящее время».
У сьнежні мінулага году Канстытуцыйны суд задаволіў скаргу дзяцей рэпрэсаваных і запатрабаваў забясьпечыць жытлом, якое канфіскавалі ў іхных бацькоў у гады сталінскага тэрору. Было заяўлена, што цяперашняе жыльлёвае заканадаўства парушае правы ахвяраў палітычных рэпрэсіяў і не адпавядае нормам Канстытуцыі Расеі. Суд зьвярнуў увагу на тое, што трэба ўнесьці зьмены ў фэдэральнае і рэгіянальнае заканадаўствы, якія ўлічвалі б правы рэпрэсаваных.
Пры гэтым Араноўскі заявіў, што неабходна дадаткова выказацца ў пытаньні прававой адказнасьці Расіі за злачынствы, учыненыя савецкай уладай.
«Расейская Фэдэрацыя не працягвае сабою ў праве, а замяняе на сваёй тэрыторыі дзяржаву, аднойчы незаконна створаную, што і абавязвае лічыцца з наступствамі яе дзейнасьці, уключна з палітычнымі рэпрэсіямі», — адзначыў ён.
«Нават ва ўмоўным юрыдычным сэнсе Расеі няма чаго наклікаць на сваю дзяржаўную асобу віну ў савецкіх рэпрэсіях і замяшчаць сабою дзяржаву пераможнага і мёртвага затым сацыялізму, — сказаў судзьдзя. — Гэта немагчыма ўжо таму, што яго віна ў рэпрэсіях і іншых недаравальных злачынствах, пачынаючы са зьвяржэньня законнай улады Ўстаноўчага сходу, бязьмерная і ў літаральным сэнсе невыносная».
На думку Араноўскага, Расея павінна мець канстытуцыйны статус дзяржавы, якая ня мае дачыненьня да таталітарных злачынстваў «ні асабіста, ні ў правапераемнасьці».
«Ідэалізаваць расейскую дзяржаўнасьць неабавязкова, але і ўвязваць яе правапераемнасьцю з таталітарным рэжымам няма падставаў», — лічыць ён, дадаючы, што расейская дзяржава заснаваная не ў працяг камуністычнай улады, а ў рэканструкцыі сувэрэннай дзяржаўнасьці зь яе адраджэньнем на канстытуцыйных пачатках. Паводле судзьдзі, яна адноўленая «супраць таталітарнага рэжыму і замест яго».
Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com