Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША пашлюць самалёт па амэрыканцаў на борце лайнэра, дзе ўжо 285 хворых на каранавірус


Круізны лайнэр Diamond Princess.

Злучаныя Штаты заявілі, што адправяць самалёт у Японію, каб вярнуць амэрыканскіх пасажыраў з круізнага карабля Diamond Princess, які знаходзіцца на карантыне.

15 лютага ў амбасадзе ЗША ў Токіо паведамілі, што самалёт прыбудзе 16 лютага і «зь вялікай асьцярожнасьцю» перавязе людзей у ЗША і для далейшага назіраньня.

Пасьля прыбыцьця ў ЗША пасажыры павінны будуць прайсьці дадатковы карантын працягласьцю 14 дзён.

Круізны карабель, які належыць Carnival Corp, знаходзіцца на карантыне з моманту прыбыцьця ў Ёкагаму 3 лютага, пасьля таго, як мужчыну, які высадзіўся ў Ганконгу, быў пастаўлены дыягназ «каранавірус».

На борце знаходзіцца каля 3700 пасажыраў і экіпаж. Сёньня аналізы яшчэ 67 чалавек аказаліся пазытыўнымі, заявіў міністар аховы здароўя Японіі Кацунобу Като. У выніку колькасьць хворых на каранавірус на круізным лайнэры дасягнула 285.

На гэтым тыдні ўлады Японіі дазволілі 11 пасажырам сысьці на бераг. Гаворка ідзе пра людзей, старэйшых за 80 гадоў, у якіх былі праблемы са здароўем, ня зьвязаныя з каранавірусам. Іх зьмясьцілі на карантын на сушы.

У сьнежні летась у кітайскім горадзе Ухань (правінцыя Хубэй) была зарэгістравана ўспышка пнэўманіі. Пазьней высьветлілася, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавіруса.

Сусьветная арганізацыя здароўя прысвоіла яму афіцыйную назву Covid-19.

У Кітаі па стане на 00:00 гадзін па мясцовым часе суботы (19:00 па Менску пятніцы) колькасьць хворых на пнэўманію, выкліканую каранавірусам, склала амаль 66,5 тыс. чалавек, сьмяротны зыход зафіксаваны ў 1,5 тыс. выпадкаў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Націсьніце, каб пабачыць:

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG