Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Песьню пра ведзьмара і манэту для Netflix прасьпяваў Алесь Чумакоў са «Старога Ольсы». ВІДЭА


Плякат сэрыялу «Вядзьмар» (The Witcher) ад Netflix

Перакладчыцкая суполка «RэZэрвацыя» пераклала для інтэрнэт-відэасэрвісу Netflix ужо тры эпізоды сэрыялу «Вядзьмар» (The Witcher) і апублікавала беларускі пераклад песьні «Toss A Coin To Your Witcher».

Чаму мы пра гэта пішам? «Вядзьмар» стаў адным з самых папулярных тэлешоў Netflix, а песьня, у сваю чаргу, стала папулярным мэмам.​

Беларускі пераклад песьні атрымаў назву «Кінь дукат ведзьмару». Пераклад зрабіў бард Сяржук Сокалаў-Воюш, а выканаў сьпявак і гусьляр Алесь Чумакоў — вакаліст гуртоў «Стары Ольса» і Ceilidh Ceol.

У сэрыяле гэта выглядае так:

А поўная вэрсія песьні такая:

Паглядзець «Ведзьмара» па-беларуску пакуль могуць тыя, хто ахвяраваў на пераклад праз сайт Talaka.org і мае падпіску на Netflix. Але перакладчыкі кажуць, што калі завершаць пераклад усіх эпізодаў, ён стане даступны ўсім падпісчыкам Netflix (для новых карыстальнікаў той мае бясплатны тэставы пэрыяд). Ахвяравальнікам з «Талакі» ўжо даступная вэрсія сэрыі, дзе голасам барда Казяльца выступае Алесь Чумакоў.

На пераклад менавіта «Ведзьмара» трэба сабраць 7780 рублёў — на момант публікацыі сабралі ўжо амаль тры чвэрці, звыш 5600.

Суполка хоча ня проста агучыць па-беларуску першы сэзон (8 сэрый, кожная па 60 хвілін, выйшаў у канцы 2019 году), але і зрабіць плятформу для далейшай супрацы з Netflix. Апошняе дасьць магчымасьць пасьля перакласьці і агучыць, напрыклад, «Чорнае люстра» (Black Mirror) ці «Дзіўныя справы» (Stranger Things).

Ужо трэці пераклад

Раней песьню пра ведзьмара пераклалі і выканалі фальклёрны ансамбль «Тутэйшая Шляхта», а таксама сьпявачка Валерыя Суравіцкая і паэт Віталь Рыжкоў.

Што важна ведаць пра «Ведзьмара»​?

Сьвет «Ведзьмара» падобны да сярэднявечнай Усходняй Эўропы, але населены ня толькі людзьмі, але і эльфамі, і монстрамі. Ведзьмары — адмыслова натрэніраваныя паляўнічыя на монстраў, яны перажылі фізычныя мутацыі. Яны згодныя зьнішчаць неразумныя стварэньні, якія замінаюць людзям, але ў канфлікты людзей ведзьмары звычайна ня ўвязваюцца. Галоўны ж герой кніг, Геральт з Рыўі, пастаянна ўцягваецца ў людзкія войны і інтрыгі супраць уласнай волі.

Польскі пісьменьнік Анджэй Сапкоўскі распачаў сэрыю кніг «Вядзьмар» у 1986 годзе, цяпер выйшла 5 кніг «асноўнай» сагі, 2 зборнікі кароткіх апавяданьняў і асобны «дадатковы» раман з тымі ж героямі, а таксама іншыя апавяданьні пра сьвет «Ведзьмара». Па матывах кніг ужо:

  • зьнялі польскі тэлесэрыял (Wiedźmin, 2002);
  • выпусьцілі тры відэагульні The Witcher (апошнюю, The Witcher 3: Wild Hunt, нярэдка называюць адной з найлепшых гульняў дзесяцігодзьдзя);
  • зьбіраюцца здымаць мультфільм (Netflix ужо працуе над ім з камандай свайго сэрыялу «Вядзьмар» і карэйскай студыяй Mir).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG