Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны ютуб-канал зрабіў кавэр на саўндтрэк «Ведзьмара»


Плякат сэрыялу «Вядзьмар» («Вядзьмак») ад Netflix

Ютуб-канал Youbel запісаў відэакавэр на саўндтрэк тэлесэрыялу «Вядзьмар» (The Witcher) ад Netflix, зьнятага па матывах апавяданьняў польскага пісьменьніка Анджэя Сапкоўскага.

Чаму мы пра гэта пішам? «Вядзьмар» стаў адным з самых папулярных тэлешоў Netflix.​

Тэкст для кавэру пераклаў паэт Віталь Рыжкоў, сьпявала — Валерыя Суравіцкая.

Летась канал Youbel распачаў краўдфандынг на відэаабсталяваньне, каб ствараць на сваім ютуб-канале беларускамоўны кантэнт. На праект ахвяравалі 143 рублі, хацелі сабраць 1000 рублёў.

Раней свой кавэр на саўндтрэк «Ведзьмара» запісваў фальклёрны ансамбль «Тутэйшая Шляхта».

Што яшчэ рабілі беларускія фанаты «Ведзьмара»​?

Перакладчыцкая суполка «RэZэрвацыя» сабрала на Talaka.org 3260 рублёў на пераклад і агучваньне па-беларуску тэлесэрыялу «Вядзьмар». Усяго праекту неабходна 7780​ рублёў.

Суполка хоча ня проста агучыць па-беларуску першы сэзон (8 сэрый, кожная па 60 хвілін, выйшаў у канцы 2019 году), але і выдаць пераклад легальна на сэрвісе Netflix, а таксама зрабіць плятформу для далейшай супрацы з Netflix. Апошняе дасьць магчымасьць пасьля перакласьці і агучыць, напрыклад, «Чорнае люстра» (Black Mirror) ці «Дзіўныя справы» (Stranger Things).

Што важна ведаць пра «Ведзьмара»​?

Сьвет «Ведзьмара» падобны да сярэднявечнай Усходняй Эўропы, але населены ня толькі людзьмі, але і эльфамі, і монстрамі. Ведзьмары — адмыслова натрэніраваныя паляўнічыя на монстраў, яны перажылі фізычныя мутацыі. Яны згодныя зьнішчаць неразумныя стварэньні, якія замінаюць людзям, але ў канфлікты людзей ведзьмары звычайна ня ўвязваюцца. Галоўны ж герой кніг Сапкоўскага, Геральт з Рыўі, пастаянна ўцягваецца ў людзкія войны і інтрыгі супраць уласнай волі.

Анджэй Сапкоўскі распачаў сэрыю кніг «Вядзьмар» у 1986 годзе, цяпер выйшла 5 кніг «асноўнай» сагі, 2 зборнікі кароткіх апавяданьняў і асобны «дадатковы» раман з тымі ж героямі, а таксама іншыя апавяданьні пра сьвет «Ведзьмара». Па матывах кніг ужо:

  • здымалі польскі тэлесэрыял (Wiedźmin, 2002);
  • выпусьцілі 3 відэагульні The Witcher (апошнюю, The Witcher 3: Wild Hunt, нярэдка называюць адной з найлепшых гульняў дзесяцігодзьдзя);
  • зьбіраюцца здымаць мультфільм (Netflix ужо працуе над ім з камандай свайго сэрыялу «Вядзьмар» і карэйскай студыяй Mir).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG