Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША западозрылі расейскага алігарха ў адмываньні грошай для Пуціна


Алег Дзерыпаска

Міністэрства фінансаў ЗША падазрае Алега Дзерыпаску ў адмываньні грошай для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Тэкст ліста міністэрства адвакатам бізнэсмэна цытуе выданьне Financial Times.

Дзерыпаска — адзін з самых багатых людзей Расеі, яго маёнтак часопіс Forbes ацэньвае на 3,6 мільярда даляраў. Вясной 2018 супраць яго былі ўведзеныя амэрыканскія санкцыі.

У лісьце Міністэрства фінансаў ЗША гаворыцца, што ў 2016 годзе Дзерыпаска быў «ідэнтыфікаваны як адна з асобаў, якія валодаюць актывамі і адмываюць сродкі ад імя прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна».

Ведамства сьцьвярджае, што бізнэсмэн адмяніў вывад на біржу групы ГАЗ, каб схаваць ўдзел грошай Пуціна ў бізнэсе. Акрамя таго, сьцьвярджаецца, што ў 2011 годзе або раней бізнэсовая актыўнасьць Дзерыпаскі выкарыстоўвалася, каб перавесьці грошы для асабістага карыстаньня Пуціным.

Ад імя Пуціна, таксама сьцьвярджаецца ў тэксьце, алігарх аднойчы выступаў на двухбаковай сустрэчы на высокім узроўні паміж прадстаўнікамі Расеі і Кіргізіі. А па яго даручэньні ўклаў 800 мільёнаў даляраў у Алімпіяду ў Сочы.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў у інтэрвію Financial Times назваў сьцьвярджэньні з ліста няпраўдай. Сам Дзерыпаска заявіў, што ЗША не падаюць ніякіх фактаў, абмяжоўваючыся здагадкамі і чуткамі. «Калі б нешта падобнае прынесьлі ў суд у Лёндане, судзьдзя проста сказаў бы: «Ідзіце», — лічыць бізнэсмэн.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG