Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп папрасіў у Кангрэсу 700 мільёнаў даляраў на барацьбу з расейскім уплывам у Эўропе і Азіі

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа апублікавала праект бюджэту на 2021 фінансавы год, які пачынаецца ў кастрычніку. Праект прадугледжвае даходы ў памеры 3,86 трыльёна даляраў і выдаткі на 4,84 трыльёна.

Сярод іншага Белы дом прапануе вылучыць больш за 700 мільёнаў даляраў на «супрацьдзеяньне расейскаму ўплыву шляхам умацаваньня саюзьнікаў ЗША». Грошы накіруюць саюзьнікам ЗША ў краінах Эўропы, Эўразіі і Цэнтральнай Азіі для:

  • умацаваньня агульнай бясьпекі і абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці,
  • падтрымкі намаганьняў краінаў-партнэрак адмовіцца ад расейскай зброі,
  • «ліквідаваньня слабых бакоў у макраэканамічным асяродзьдзі, якія ўрад Расеі імкнецца эксплюатаваць» (напрыклад, залежнасьць ад электраэнэргіі і гандлю).

Яшчэ 24 мільёны даляраў прапануецца выдзеліць на супрацьдзеяньне «расейскай дэзынфармацыі і прапагандзе».

Гэта апошні праект бюджэту, прапанаваны адміністрацыяй Дональда Трампа перад выбарамі прэзыдэнта ЗША ў лістападзе 2020 году.

Прэзыдэнцкі праект бюджэту — накіраваны Кангрэсу запыт, у якім гаворыцца аб прыярытэтах цяперашняй адміністрацыі. Заканадаўцы Палаты прадстаўнікоў і Сэнату Кангрэсу самі распрацоўваюць і зацьвярджаюць урадавыя выдаткі, пасьля чаго выніковы дакумэнт падпісвае або адхіляе прэзыдэнт ЗША.

XS
SM
MD
LG