Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзей забіваюць,а ты ўсё глядзіш». Новы спэктакль Свабоднага тэатру пра самае таямнічае забойства ў Ісьляндыі


Спэктакль Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»

«Калі ты глядзіш, што ў іх былі допыты, катаваньні, то разумееш, што ты проста матылёк, які лётае па гэтым сьвеце», — рэжысэр Юры Дзівакоў паставіў у Свабодным тэатры п’есу пра крымінальную справу, якая ўзрушыла ўсю Ісьляндыю.

У 1974 годзе ў Рэйк’явіку зьніклі двое мужчын. У іх забойстве абвінавацілі шэсьць маладзёнаў. Справа была настолькі гучная, што для малалюднай Ісьляндыі гэтая кампанія ўяўлялася чымсьці кшталту банды Чарлі Мэнсана.

Падчас сьледзтва абвінавачаным давалі транквілізатары, пазбаўлялі іх сну і катавалі вадой. Яны доўгі час сядзелі ў адзіночных камэрах, адзін з хлапцоў правёў так амаль два гады. Усіх іх прызналі вінаватымі і асудзілі, хоць целаў зьніклых і фактычных доказаў так і не знайшлі.

Гледачы на спэктаклі Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»
Гледачы на спэктаклі Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»

У 1998 годзе прэм’ер-міністар Ісьляндыі жорстка скрытыкаваў сьледзтва і суд. Выявілася, што паказаньні сфальсыфікаваныя. Адзін з абвінавачаных — Сайвар Цесельскі (Sævar Ciesielski) — прысьвяціў жыцьцё таму, каб давесьці сваю невінаватасьць. Праз 44 гады пяцёх з шасьці абвінавачаных апраўдалі. Засталася неапраўданай толькі сяброўка Сайвара Цесельскі — Эрля Батлятоўхтыр (Erla Bolladóttir), з начнога кашмару якой сьледчыя выбудавалі схему забойства.

Цяпер усю гэтую гісторыю можна пабачыць у Свабодным тэатры. Рэжысэр Юры Дзівакоў паставіў там п’есу Марты Сакалоўскай «Рэйк’явік-74».

«Чаму я гэта зрабіў? Ну проста таму, што я жыву цяпер у гэтай краіне, — кажа Юры Дзівакоў. — Сумна, што падобныя рэчы адбываюцца паўсюль, людзі губляюцца, па шмат год іх ніхто не знаходзіць — і пасьля высьвятляецца, што іх даўным-даўно забілі. Але як папрацаваць з тэкстам так, каб гэта ўсё зьнікла, каб не атрымалася прапаганда, а штосьці касьмічнае?».

Рэжысэр Юры Дзівакоў
Рэжысэр Юры Дзівакоў

У пастаноўцы Дзівакова дакумэнтальная гісторыя ператварылася ў травэсьці-шоў. Акторы-мужчыны граюць сваіх герояў у скураных майтках, панчохах, на абцасах і з чырвонай памадай на вуснах.

«Можа мне прысьнілася, што трэба менавіта так зрабіць, — кажа Юры Дзівакоў. — Каб прыцягнуць увагу да важных рэчаў, якія адбываюцца ў гэтай гісторыі, трэба было трапіць у шокавы стан, а потым адысьці ад яго і забыцца, ува што акторы ўбраныя, і пачаць думаць пра тое, што і пра што кажуць гэтыя людзі. Там шмат пабудавана на тэксьце».

Спэктакль Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»
Спэктакль Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»

Падчас спэктаклю адчуваеш сябе аб’ектам экспэрымэнту: мусіш штораз гвалтам вырываць сябе з умоўнасьці травэсьці-шоў і прадзірацца да жорсткага зьместу п’есы. Некаторыя гледачы не вытрымліваюць, і ў момантах, калі акторы кажуць пра боль і катаваньні, пачынаюцца сьмяяцца. Калі мужчына ў панчохах і на абцасах штосьці расказвае, гэта ж павінна быць сьмешна.

«Калі ты доўга назіраеш за дакумэнталістыкай, ты прызвычайваесься. Людзей забіваюць,а ты ўсё глядзіш далей. Рэакцыя кшталту сьмеху — гэта больш абарона. Глядач сам сябе абараняе, каб не акунуцца замоцна ў гэтую гісторыю, бо яна цяжкая. Такая рэакцыя патрэбная, яна дадае момант абароны і моцы».

Спэктакль Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»
Спэктакль Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»

Але нічога такога адмыслова не плянавалася, — папярэджвае рэжысэр. Вось сцэна суду вырашаная ілюстрацыямі з Камасутры: актор-пракурор і актор-адвакат размаўляюць паміж сабой, тэхнічна паўтараючы позы ў сэксе.

«Мяне вельмі цікавіць мастацтва такога кшталту, парнаграфічны тэатар, калі цела чалавека адкрываецца на агляд усіх, — тлумачыць Дзівакоў. — Гэта ўсё даступна ў інтэрнэце, „Камасутру“ можна набыць у любой кнігарні. Але справа нават не ў Камасутры, а ў сэксуальнасьці. Тое, што яны робяць гэта — гэта проста факт, проста розныя позы — „69“, „місіянэрская“, „крабік“. Але больш цікава, што адбываецца з тымі людзьмі, якія кажуць, як адбываўся допыт. Гэта конкурс мастурбацыі словаў паміж пракурорам і абаронцам».

Рэакцыі на спэктакль сам Дзівакоў параўноўвае з клявіятурай раялю, настолькі яны палярныя: ад «вельмі моцна» да «гістэрычна».

«Можна было б вельмі проста паставіць гэты спэктакль, — кажа пра сваё мастацкае рашэньне Дзівакоў. — Процьма дакумэнтальных матэрыялаў, дакладна ў ім былі б архіўныя фатаздымкі. Але як паказаць, што ў гэтых людзей крыўды няма? Яны не закапаліся, яны працягвалі жыць, і гэта вельмі захапляе. Мне самому цяжка выходзіць з дэпрэсіі, але калі ты глядзіш, што ў іх былі допыты, катаваньні, то ты разумееш, што ты проста матылёк, які лётае па гэтым сьвеце, і ты робіш рэчы, якія табе вельмі падабаюцца. Займаесься тэатрам ці не займаесься тэатрам».

Пра што гэтая гісторыя? «Пра тое, што мы вельмі жывыя людзі ў кожны момант, нават тады, калі мы кажам праўду ці ня кажам праўду, калі мы забіваем ці ня хочам забіваць, але ў нас няма іншай магчымасьці, — кажа Юры Дзівакоў. — Гэта эгаістычна-прыватная гісторыя пра тое, што ты застаесься адзін».

Спэктакль Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»
Спэктакль Свабоднага тэатра «Рэйк’явік-74»

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG