Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдні заробак у сфэры культуры ў 2019 годзе — 650 рублёў. На 40% меншы за сярэдні па Беларусі


Ілюстрацыйнае фота. Купалаўскі тэатар у Менску ©Shutterstock

Міністар культуры Беларусі Юры Бондар на выніковай калегіі па выніках 2019 году расказаў пра даходы і заробкі ўстановаў культуры, наведвальнасьць кінатэатраў і тэатраў, паведамляе​ БелТА.

На сфэру культуры ў 2019 годзе зь бюджэту выдаткавалі 543 мільёны рублёў, яшчэ 8,2 мільёна склала спонсарская дапамога (гэта на 21% больш, чым у 2018 годзе). Даходы арганізацый культуры (пазабюджэтныя і ўласныя) за 2019 год склалі 186 мільёнаў рублёў (вырасьлі на 16%).

Паводле Юрыя Бондара, сярэдні заробак па выніках 2019 году ў сфэры культуры склаў 650 рублёў, у параўнаньні з 2018 годам ён павялічыўся на 12%. Па выніках 2020 году сярэдні заробак павінен скласьці 740 рублёў, сказаў міністар.

Сярод лідэраў па ўзроўні зарплаты:

  • кінапракатныя арганізацыі, якія распаўсюджваюць фільмы — 906 рублёў,
  • арганізацыі, якія займаюцца паказам фільмаў — 713 рублёў,
  • тэатральна-відовішчныя — 679 рублёў,
  • паркі культуры і адпачынку — 877 рублёў.

Найменшыя заробкі — у рэгіянальных арганізацыях культуры.

Сярэдні заробак у Беларусі ў 2019 годзе склаў 1090,9 рубля.

Наколькі папулярныя ў беларусаў тэатры і кіно

Як расказалі ў міністэрстве, у 2019 годзе залі ў большасьці дзяржаўных тэатраў былі запоўненыя больш чым на 75%. У лідэрах апынуліся Купалаўскі тэатар (92%), Вялікі тэатар оперы і балету (84%) і Рэспубліканскі тэатар беларускай драматургіі (80%).

Дзяржаўныя кінатэатры ў 2019 годзе наведалі амаль 11 мільёнаў гледачоў — амаль на 85 тысяч больш, чым у 2018 годзе.

На кінастудыі «Беларусьфільм» летась зьнялі 29 фільмаў — на пяць больш, чым у 2018-м. Чысты прыбытак кінастудыі вырас на 34%. Работы «Беларусьфільма» ўдзельнічалі ў 70 міжнародных кінафэстывалях, дзе атрымалі 49 узнагародаў. Напрыклад, 16 зь іх атрымаў адзін толькі кароткамэтражны фільм «Франка» з альманаха «Вайна. Застацца чалавекам» маладога беларускага кінарэжысэра Мітрыя Сямёнава-Алейнікава.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG