Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бюджэце-2019 прадугледжаны рост грошай на культуру, але яго «зьядуць» Эўрапейскія гульні 


Эўрапейскія гульні-2019 пройдуць на менскім стадыёне Дынама
Эўрапейскія гульні-2019 пройдуць на менскім стадыёне Дынама

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на працягу паўгадзіны абмеркавалі і ўхвалілі ў першым чытаньні бюджэт на 2019 год. Падчас разгляду высьветліліся некалькі цікавых акалічнасьцяў.

Выдаткі на выбары бюджэтам не прадугледжаныя

Першы намесьнік міністра фінансаў Юры Сілівёрстаў заявіў, што сродкі на выбары налета не прадугледжаныя.

«Калі зьявіцца рашэньне пра выбарчыя кампаніі, тады і будзем шукаць, адкуль узяць грошы. Пакуль выдаткі ні на прэзыдэнцкія, ні на парлямэнцкія выбары не прадугледжаныя», — адзначыў чыноўнік.

Таксама ён заявіў, што выдаткі на культуру ў бюджэце-2019 на 46% перавышаюць сёлетнія паказьнікі. Аднак радавацца прадстаўнікам сфэры культуры (дзе, дарэчы, самыя нізкія заробкі ў краіне), не выпадае. Як патлумачыў адзін з кіраўнікоў фінансавага ведамства, істотная частка сродкаў пойдзе на ўрачыстыя адкрыцьцё і закрыцьцё ІІ Эўрапейскіх гульняў у Менску.

Чаму нафтавыя цэны ў бюджэтах Расеі і Беларусі розныя


Намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко адказаў на пытаньні дэпутатаў пра кошт барэля нафты, закладзены ў праекце бюджэту на 2019 год у Расеі і ў Беларусі.

Паводле Дзьмітрыя Кійко, у Расеі гэтая лічба роўная 40 далярам, тады як беларускі прагноз прадугледжвае 60 даляраў за барэль. Такія розныя падыходы намесьнік міністра патлумачыў тым, што ў Расеі сытуацыя істотна адрозьніваецца.

«Калі цэны будуць большыя за 40 даляраў, уся розьніца ідзе ў Фонд нацыянальнага дабрабыту, — патлумачыў ён. — Мы ж сабе такога дазволіць ня можам. Па-першае, параўнальна з Расеяй у нас не такія вялікія аб’ёмы нафты, па-другое, няма неабходнасьці капіяваць усё дзеяньні Расеі. Наш бюджэт збалянсаваны і кансэрватыўны».

Істотая асаблівасьць бюджэту-2019 — так званы падатковы манэўр Расейскай Фэдэрацыі. Прыбыткі, на якія разьлічвалі беларускія ўлады і ў чым Масква адмаўляе Менску, ня ўлічваюцца. Гаворка пра 600 мільёнаў беларускіх рублёў, якія Беларусь не атрымае праз расейскі манэўр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG