Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля кітайскага заводу пад Сьветлагорскам людзі сьпяць у масках. І гэта не ад каранавірусу


Завод беленай цэлюлёзы каля Сьветлагорску, архіўнае фота

Жыхары вёскі пад Сьветлагорскам кажуць, што задыхаюцца ад смуроду. Пабудаваны кітайскімі інвэстарамі завод беленай цэлюлёзы ўжо працуе на 85% ад праектнай магутнасьці.

«Душагубкай» называюць завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам мясцовыя жыхары. Апошнімі днямі вяскоўцаў зноў накрыла смуродам і грукатам з кітайскага заводу. Тым часам улады рыхтуюцца да пуску новай вытворчасьці.

Жыхарка Якімавай Слабады Людміла Ісаенка расказала Свабодзе, што мінулую ноч вяскоўцы правялі, «нібы ў зоне баявых дзеяньняў»:

«Завод страшна гудзеў. У 4.50 я ня вытрымала — спаць было немагчыма — і патэлефанавала ратавальнікам. Але МНС ня можа спыніць завод. Яны проста фіксуюць нашы скаргі. Студзень і люты накрывае нас гэтым смуродам, асабліва калі заходні вецер. Спадзяёмся толькі на паўночны вецер — тады гэты смурод не ідзе на нас і хоць можна адпачыць.

Са Сьветлагорску да Якімавай Слабады часта езьдзяць аўтобусы і маршруткі. Людзі штодзень трапляюць у гэтае воблака ружовага хімічнага пару і дзікага смуроду. Гэта фашызм — пабудаваць такога монстра за 400 мэтраў ад нашых гародаў», — кажа Людміла Ісаенка.

За сытуацыяй пільна сочыць праваабаронца Алена Масьлюкова:

«Мне скардзяцца слабодцы, што яны сьпяць у масках, бо смурод невыносны. Не пускаюць дзяцей на вуліцу. Завод называюць „монстрам“, „душагубкай“ і „пачварай“. Толькі чыноўнікам абыякава — яны рыхтуюцца запусьціць завод», — дадала праваабаронца.

Адной з жыхарак Якімавай Слабады генэральны дырэктар Сьветлагорскага ЦКК Юрый Крук даў адказ на зварот:

«Завод працуе на магутнасьці больш за 85% ад праектнай. Якасьць цэлюлёзы, якая выпускаецца, адпавядае ДАСТ».

Паводле адказу дырэктара, у студзені 2020 году былі атрыманыя ўсе заключэньні зацікаўленых кантрольных органаў, рыхтуюцца дакумэнты для ўводу заводу ў эксплюатацыю.

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG