Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: Чакаем ад міністра «сапраўднага выніку» ў справе Шарамета. ВІДЭА


Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі не змог адказаць Радыё Свабода, ці скончыўся «выпрабавальны тэрмін» міністра ўнутраных спраў Арсэна Авакава.

«Я не ведаю, мне зараз няма чаго адказаць. Ведаеце, існуе так шмат рэчаў, якія цяпер рэзануюць з грамадзтвам. Чакаем выніку. Сапраўднага, не на словах, але эфэктыўнага. І Шарамет, і Гандзюк, і іншыя падобныя гучныя крымінальныя справы, таму давайце пачакаем. Нам патрэбны вынік», — заявіў Зяленскі ў камэнтары Радыё Свабода.

29 жніўня 2019 году Вярхоўная Рада Ўкраіны абрала новы кабінэт міністраў. Міністар унутраных спраў Арсэн Авакаў застаўся на пасадзе, нягледзячы на пратэсты. Да зацьвярджэньня Авакова ва ўрадавай партыі «Слуга народу» заяўлялі, што той можа застацца на пасадзе «ўмоўна» і пад «асабістую гарантыю прэзыдэнта» Ўладзіміра Зеленскага. Сам прэзыдэнт заявіў, што Авакаў павінен паказаць вынікі да канца 2019 году.

  • У сьнежні 2019 году ва Ўкраіне затрымалі траіх падазраваных у арганізацыі і забойстве Паўла Шарамета — музыку і вайскоўца Андрэя Антоненку (нібыта ён арганізаваў злачынную групу для забойства журналіста); дзіцячага кардыяхірурга, валянтэрку Юлію Кузьменку (нібыта падкладвала разам з Антоненкам выбухоўку пад аўтамабіль і дыстанцыйна прывяла яе ў дзеяньне) і вайсковую мэдсястру Яну Дугар (нібыта зьбірала інфармацыю пра графік перамяшчэньняў Паўла Шарамета і фіксавала месцы разьмяшчэньня камэр вонкавага назіраньня паблізу і на месцы злачынства).
  • Раней украінскія правахоўнікі арыштавалі яшчэ дваіх добраахвотнікаў — мужа і жонку Ўладзіслава і Іну Грышчанкаў, якіх таксама палічылі датычнымі да забойства Шарамета. Але ім не абвясьцілі пра падазрэньні ў гэтай справе — яны былі арыштаваныя праз абвінавачаньне ў замаху на забойства шляхам падрыву аўтамабіля ў Івана-Франкоўскай вобласьці.
  • Павал Шарамет нарадзіўся ў Менску 28 лістапада 1971 году, ад сярэдзіны 1990-х працаваў на тэлевізіі, у друкаваных выданьнях і на інтэрнэт-рэсурсах Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Загінуў 20 ліпеня 2016-га, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе перад гэтым жыў апошнія пяць гадоў. 12 сьнежня Нацыянальная паліцыя Ўкраіны абвясьціла пра арышт асобаў, датычных да яго забойства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG