Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўропе пачынаюцца найбуйнейшыя вайсковыя вучэньні NATO


У Нідэрляндах пачынаюцца вайсковыя вучэньні NATO Defender Europe (Абаронца Эўропы). У ходзе манэўраў запланаванае самае буйное за апошнія 25 гадоў разгортваньне войскаў ЗША.

У вучэньнях возьмуць удзел больш за 37 тысяч вайскоўцаў з 18 краінаў-чальцоў і партнэраў Паўночнаатлянтычнага альянсу. Непасрэдна з ЗША ў Эўропу перакінуць 20 тысяч салдат і афіцэраў. У NATO падкрэсьлілі, што такім чынам Вашынгтон прадэманструе сваю рашучасьць падтрымаць эўрапейскіх саюзьнікаў.

Вучэньні працягнуцца да сярэдзіны траўня. Да гэтага часу павіннае завяршыцца разгортваньне войскаў саюзьнікаў у Нямеччыне, Польшчы і краінах Балтыі.

Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў раней заявіў, што Масква адрэагуе на вучэньні, бо яны выклікаюць вялікую заклапочанасьць. Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг падкрэсьліў, што вучэньні не накіраваныя супраць Расеі ці якой-небудзь іншай краіны.

Напрыканцы студзеня адбылася сустрэча дзяржаўнага сакратара Рады бясьпекі Беларусі Андрэя Раўкова з часовай паверанай у справах ЗША Джэніфэр Мур і вайсковымі аташэ ЗША, Нямеччыны і Польшчы. Сустрэча адбылася з ініцыятывы амэрыканскага боку, на ёй абмяркоўваліся пытаньні маючых адбыцца вучэньняў НАТО «Абаронца Эўропы».

Паводле інфармацыі БелТА «замежныя партнэры падрабязна распавялі пра падрыхтоўку да перакіданьня і разгортваньня вайсковых падразьдзяленьняў у рамках маючых адбыцца манэўраў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG