Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лінкявічус: Сувэрэнітэт Беларусі — гэта і наш нацыянальны інтарэс


Лінас Лінкявічус падчас прэсавай канфэрэнцыі

Пра гэта кіраўнік літоўскага Міністэрства замежных спраў паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў амбасадзе Літвы ў Менску.

Візыт кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Літвы ў Беларусь пачаўся 3 лютага з наведваньня літоўскай школы ў Рымдзюнах Астравецкага раёну, усяго за дзясятак кілямэтраў ад будоўлі БелАЭС. 4 лютага візыт працягнуўся сустрэчай з кіраўніком беларускага ўраду Сяргеем Румасам і сумеснай прэс-канфэрэнцыяй зь беларускім калегам Уладзімерам Макеем. Увечары 4 лютага Лінас Лінкявічус адказаў на пытаньні журналістаў на адмысловай прэс-канфэрэнцыі ў будынку амбасады Літвы.

«Ацэнка Беларускай АЭС для нас ня зьменіцца, — адзначыў Лінкявічус на пачатку прэс-канфэрэнцыі, — мы супраць гэтага. Што тычыцца пытаньня Астравецкай АЭС, я ілюзій ня маю. Для вас гэты аб’ект — гонар. Для нас — бяда. Неабходна палепшыць бясьпеку АЭС. Для беларускіх грамадзян гэта таксама важна. Неабходна дапусьціць міжнародных экспэртаў».

Па словах Лінаса Лінкявічуса, падчас гэтага візыту ён адчуў гатоўнасьць беларускіх уладаў супрацоўнічаць у гэтым кірунку. Як адзначыў міністар замежных спраў Літвы, падчас перамоваў у Менску ён зразумеў, што Беларусь гатовая дапусьціць міжнародных экспэртаў з Эўразьвязу на тэрыторыю БелАЭС, каб тыя змаглі ацаніць яе бясьпеку.

Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус таксама расказаў, як у Літве ўспрымаюць магчымае паглыбленьне інтэграцыі паміж Беларусьсю і Расеяй.

«Сувэрэнітэт Беларусі, яе незалежнасьць — гэта і наш нацыянальны інтарэс, — сказаў Лінкявічус. — Адчуваньне таго, што сувэрэнітэт Беларусі пад пагрозай, існуе цяпер ва ўсім сьвеце. Ня толькі ў Літве».

Па словах Лінкявічуса, Літва гатовая працягваць супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў галіне паставак нафты праз порт Клайпеды. А таксама прапрацоўваць пытаньне паставак звадкаванага газу.

«Ці ёсьць цяпер збліжэньне паміж Літвой і Беларусьсю? Пабачым, цяжка сказаць, — сказаў Лінкявічус. — Збліжэньне — гэта калі ёсьць альянсы. Альбо нейкія саюзы. Пакуль да гэтага, напэўна, яшчэ не дайшло. У нас шмат розных поглядаў на розныя рэчы. Але я бачу інтарэс да дыялёгу. І пошук рашэньняў там, дзе гэта магчыма. Я думаю, гэта станоўча».

Акрамя гэтага, Лінас Лінкявічус расказаў, што ўвосень мінулага году літоўскія ўлады сапраўды разглядалі магчымасьць перадаць частку парэшткаў Кастуся Каліноўскага для перапахаваньня на тэрыторыі Беларусі. Аднак гэтага не адбылося з шэрагу прычын.

«Разглядаліся розныя магчымасьці, — сказаў Лінкявічус. — Але не было афіцыйнага запыту. Не было прапановы перапахаваць усе парэшткі ў Беларусі, ішла гаворка пра частку іх. Экспэрты сказалі, што так бывае са сьвятымі. Не магу паглыбляцца, я не экспэрт. У выніку прыйшлі да разуменьня, што парэшткі будуць перазахаваныя так, як гэта адбылося. І сапраўды, наколькі можна так сказаць, перапахаваньне атрымалася. Гэта было ня толькі пахаваньне, але падзея аб’яднанасьці. Гэта было пазытыўна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG