Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея прафінансуе ў Беларусі дыскусію аб «процідзеяньні фальсыфікацыі гісторыі». У Менску пра яе ніхто ня ведае


Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін выступае перад канцэртам, прысьвечаным 75-годзьдзю перамогі СССР у вайне, 2 лютага

Міністэрства культуры Расеі прафінансуе дыскусійна-выставачнае мерапрыемства ў Беларусі пад назвай «Да 75-годзьдзя агульнай Перамогі. Роля расейскай і беларускай культуры ў захаваньні гістарычнай памяці і процідзеяньні фальсыфікацыі гісторыі».

Гэта вынікае з інфармацыі, разьмешчанай на расейскім сайце дзяржаўных закупаў.

Расейскае міністэрства культуры вылучыць на гэтае «дыскусійна-выставачнае мерапрыемства» 4,2 млн расейскіх рублёў (болей за 65 тысяч даляраў). Яго павінны правесьці да 20 красавіка гэтага году з удзелам Расейскага вайскова-гістарычнага таварыства.

Паводле «МБХ медиа», сярод плянаваных захадаў будзе дыскусія аб супрацьдзеяньні фальсыфікацыі гісторыі, на якой заслухаюць ня менш за дзевяць і ня больш за 15 дакладаў ад кожнага боку.

Агульная колькасьць удзельнікаў — да 110 чалавек, зь іх расейцаў — каля 50.

Удзельнікаў разьмесьцяць у трох- ці чатырохзоркавых гатэлях з харчаваньнем у рэстаране або кафэ. Акрамя таго, арганізуюць афіцыйны прыём для ўсіх прадстаўнікоў расейскай дэлегацыі, замежных сьпікераў і беларускіх афіцыйных асобаў.

Хто ў Беларусі партнэр для арганізацыі такога захаду, ні ў расейскім Міністэрстве культуры, ні ў Расейскім вайскова-гістарычным таварыстве, ні ў амбасадзе Расеі ў Менску карэспандэнту Свабоды пакуль не адказалі.

У Міністэрстве культуры Беларусі, у інстытутах гісторыі і філязофіі НАН, у музэі Вялікай Айчыннай вайны карэспандэнту Свабоды сказалі, што ня маюць ніякай інфармацыі пра гэтае мерапрыемства, якое фінансуецца расейскім міністэрствам культуры.

Раней расейскія ўлады ня раз заяўлялі пра спробы фальсыфікацый гісторыі Другой усясьветнай вайны.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у апошнія дні 2019 году некалькі разоў выказаўся аб прычынах пачатку Другой усясьветнай вайны, палітыцы Польшчы і СССР у перадваенныя гады, аб так званым пакце Молатава-Рыбэнтропа. Пуцін, у прыватнасьці, абвінаваціў Польшчу ў супрацоўніцтве зь Нямеччынай пры падзеле Чэхаславаччыны, назваў польскага амбасадара ў Бэрліне «антысэміцкай сьвіньнёй» і фактычна апраўдаў савецкае ўварваньне ў Польшчу ў верасьні 1939 году, паўтарыўшы тэзісы савецкай прапаганды пра тое, што польскі ўрад тады не кіраваў краінай. Выказваньні Пуціна выклікалі рэзкую рэакцыю Польшчы і спрэчкі ў расейскім грамадзтве.

Прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі адказаў на словы Пуціна, заявіўшы, што Пуцін «шмат разоў хлусіў пра Польшчу і заўсёды рабіў гэта наўмысна». Маравецкі падкрэсьліў, што без суўдзелу тагачаснага кіраўніка СССР Ёсіфа Сталіна ў разьдзеле Польшчы ў 1939 годзе і без прыродных рэсурсаў, якія Сталін пастаўляў Гітлеру, нацысцкай Нямеччыне не ўдалося б узяць Эўропу пад свой кантроль. «Дзякуючы Сталіну Гітлер мог беспакарана заваёўваць новыя краіны і адпраўляць габрэяў у гета», — заявіў польскі прэм’ер-міністар.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG