Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта беларусам лічыць сваімі войны Расейскай імпэрыі


Дэмантаж помніка Сувораву ва Ўкраіне, архіўнае фота
Дэмантаж помніка Сувораву ва Ўкраіне, архіўнае фота

Насамрэч, гэтае пытаньне — пра Лукашэнку і беларускую інфармацыйную прастору.

Калі калега Юры Дракахруст спасылаецца на «шматлікія сацыялягічныя апытаньні», дзе «галоўнай падзеяй беларускай гісторыі прынамсі ХХ стагодзьдзя для пераважнай большасьці беларусаў была перамога ў Другой Усясьветнай», ён ня ўлічвае, што з кожным годам носьбітаў як беспасярэдняй памяці, гэтак і прыдуманых вобразаў той вайны робіцца фізычна ўсё меней і меней.

Для чалавека, які не вучыўся ў савецкай школе і ня вырас на фільмах «пра вайну», што Другая ўсясьветная, што Крыжовыя паходы — гэта проста штосьці з падручніка гісторыі.

Тое ж самае адбываецца ў Расеі, якая вырашыла абнавіць ідэалёгію перамогі. У Расеі падлеткі слаба разумеюць, што значыць лёзунг «можам паўтарыць!». Яны ня ведаюць пра пяць мільёнаў савецкіх палонных, «заградатрады», лэнд-ліз і сумнеўныя дзеяньні савецкіх партызан. Для іх тая вайна — кампутарная стралялка.

Дык ці была вайна 1941–1945 гадоў беларускай? Пра 1939 дагэтуль рэдка ўзгадваюць. Толькі каля 13% насельніцтва РСФСР было пад нямецкай акупацыяй. Дый зь іх шмат хто быў у прыфрантавой зоне. Там не было карных экспэдыцый супраць вяскоўцаў, зьнішчэньня габрэяў, паралельнай вайны між рознымі партызанамі, не было іншых жахаў, якіх у Беларусі зазналі напоўніцу.

Вышэй я напісаў пра падлеткаў, але большасьць насельніцтва — усё-ткі сталыя людзі, якія ведаюць пра жудасьці акупацыі ад непасрэдных сьведак: ад сваіх бацькоў ці дзядоў-бабуль. Таму мой адказ: вайна — ня наша, але перамога — разам зь іншымі наша.

Лукашэнка разумее, калі і на чым можна спэкуляваць. І калі ён хоча жыць доўга ў якасьці начальніка дзяржавы, то мусіць дбаць пра папулярнасьць у сёньняшніх дваццаці-трыццацігадовых. Калі Лукашэнку будзе за восемдзесят, гэтыя — цяпер маладыя — людзі акурат і будуць складаць большасьць насельніцтва. А для іх папярэднія войны — зусім ня сымбаль. Проста інфармацыя.

Зрэшты, як і сам Лукашэнка — ні разу ня сымбаль. Бо яго няма ў інстаграме, а ў ютубе пра яго нічога добрага не гавораць. Так што пройгрыш у інфармацыйнай прасторы ў Лукашэнкі больш чым відавочны.

«Нашы» і «ня нашы» войны сягаюць далей за Другую ўсясветную. У развагах пра нядаўнюю і адносна далёкую гісторыю самае балючае — слова «калёнія». Расейцам цяжка прызнаць тое, што яны калянізатары. І беларусам цяжка прызнаць, што былі калёніяй, а цяпер застаёмся паўкалёніяй. Дэкамунізацыя — гэта толькі першая ступень ракеты. Тое, што ў суседніх краінах троху стапарнулася — наступная ступень: дэкалянізацыя, чытай — дэрасеізацыя. А ў дэкалянізацыі на адной лаве «падсудных» будуць і Сталін, і Кутузаў, і Сувораў, і Пётар Першы з Іванам Жахлівым. Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG