Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Магілёўшчыне затрымалі імавернага пэдафіла, якога шукалі 2 гады, — крыніца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Свабодзе стала вядома пра затрыманьне ў Краснапольлі (Магілёўская вобласьць) мясцовага жыхара, якога падазраюць у сэксуальных дзеяньнях супраць непаўналетніх дзяўчынак. Утрымліваюць яго, імаверна, у Магілёўскім сьледчым ізалятары.

Датычнасьць да згвалтаваньня непаўналетніх, нібыта, даказаў аналіз ягонай ДНК, знойдзенай на целах пацярпелых.

Паводле крыніцы Свабоды ў райцэнтры, якая прасіла не называць сябе, падазраванага мужчыну затрымалі 29 студзеня. Ён фігураваў у крымінальнай справе, зьвязанай з крадзяжом. Быў на свабодзе. Яго выклікалі ў раённую пракуратуру, дзе і арыштавалі.

Міліцыя нібыта выявіла больш за тры ахвяры сэксуальнага гвалту падазраванага. Некаторыя — з праблемных сем’яў. Пра затрыманага вядома, што ён бацька дваіх дзяцей. Псыхічных адхіленьняў у ягоных паводзінах не назіралася.

На момант выхаду публікацыі Свабодзе не ўдалося атрымаць камэнтар у прэс-службе магілёўскай міліцыі.

Пра пошукі ў Краснапольскім раёне мужчыны, падазраванага ў згвалтаваньні дзьвюх 11-гадовых дзяўчынак, паведамлялася яшчэ ў 2018 годзе. Ва ўпраўленьні ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму тады гаварылі пра два выпадкі нападу на непаўналетніх. Першы быў зафіксаваны ў 2016 годзе, другі — у 2017-м.

У абласной міліцыі лічылі, што абодва злачынствы ўчыніў адзін і той жа чалавек. У мужчыны былі пальчаткі і белая павязка на твары. Дзяўчынкам ён завязваў вочы. Апэратыўнікі дапускалі, што ягоных ахвяраў магло быць болей.

У 2019 годзе краснапольская раёнка «Чырвоны сцяг» пісала, што ў раёне выкрылі тры злачынствы супраць «палавой недатыкальнасьці і палавой свабоды непаўналетніх». Паведамлялася, што супраць дзьвюх асобаў распачаты крымінальны перасьлед па артыкуле «Згвалтаваньне».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG