Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго дзеяньні прыраўнялі да згвалтаваньня». Што вядома пра закрыты суд над нарвэжцам, якога абвінавацілі ў пэдафіліі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Працэс праходзіць у закрытым рэжыме. Родныя і адвакат абвінавачанага ўпэўненыя ў яго невінаватасьці.

Судовы працэс па справе грамадзяніна Нарвэгіі Дага Вівэстада пачаўся ў Берасьці 27 студзеня, ён праходзіць у закрытым рэжыме. Вівэстада абвінавачваюць па частцы 3 артыкула 167 КК РБ — сэксуальныя дзеяньні гвалтоўнага характару ў дачыненьні да заведама малалетняга (малалетняй).

Усе ўдзельнікі працэсу далі падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Некаторыя падрабязнасьці расказаў Свабодзе дарадца адваката Дага Вівэстада, вядомы расейскі юрыст Ільля Новікаў. Беларускі суд забараніў яму выступаць на працэсе ў якасьці абаронцы.

«Даслоўна цытаваць абвінавачваньне я ня буду, — адзначыў Ільля Новікаў у размове са Свабодай. — Але калі падсумаваць, то ў ім гаворыцца, што Даг Вівэстад у холе гатэля „Беларусь“ на вачах шматлікіх сьведак утрымліваў рукамі і цалаваў пацярпелую — 10-гадовую дзяўчынку, наносіў ёй удары, спрабаваў выцягнуць яе на вуліцу і пасадзіць у аўтамабіль таксі».

Даг Вівестад
Даг Вівестад

Па словах юрыста, дзеяньні грамадзяніна Нарвэгіі фактычна прыроўненыя да згвалтаваньня. Дагу Вівэстаду пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 8 да 15 гадоў.

«Абвінавачаньне не пацьвярджаецца нічым, — кажа Ільля Новікаў. — Я ня ведаю, пра што думаў сьледчы, калі яго фармуляваў. У матэрыялах справы ёсьць відэазапіс з хола гатэля, і абарона абвінавачанага спадзяецца, што ён дапаможа разабрацца ў тым, што адбылося насамрэч. Аднак з таго, што мне вядома, запіс гэты можа быць ня вельмі добрай якасьці».

Юрыст таксама дадае, што апісаныя ў абвінавачаньні дзеяньні супярэчаць здароваму сэнсу. Новікаў мяркуе, што зьвезьці пацярпелую на таксоўцы, калі б нават нехта хацеў гэта зрабіць, было б проста немагчыма.

У якасьці сьведкі з боку абароны на працэсе выступае сябра абвінавачанага нарвэжца, які моцна пацярпеў падчас бойкі каля гатэлю. Першапачаткова Сьледчы камітэт адмовіўся распачынаць крымінальную справу па факце яго зьбіцьця. Пасьля ўмяшаньня пракуратуры праверку ўсё ж распачалі.

«Крымінальная справа па гэтым факце пакуль не расьсьледуецца, вядзецца праверка, гэтым займаецца ўчастковы, — сказаў Ільля Новікаў. — Мы спадзяёмся, што ў хуткім часе будуць усе падставы для таго, каб завесьці крымінальную справу. Мы мяркуем, што разглядаць яе неабходна ў сувязі са справай Дага Вівэстада. Эпізод са зьбіцьцём ягонага сябра зьвязаны з адказнасьцю сьведак з боку абвінавачваньня. Гэта можа ўплываць на іх паказаньні, дадзеныя падчас разгляду справы па артыкуле 167».

Цяпер на працэсе па справе Дага Вівэстада працягваецца допыт сьведак. Падтрымаць абвінавачанага з Нарвэгіі прыехалі яго старэйшая сястра Анна і дзядзька Колін. Яны настойваюць, што Даг Вівэстад ня меў злачынных намераў у дачыненьні да дзяўчынкі, а толькі паразмаўляў зь ёй і пацалаваў у шчаку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG