Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адключаць аплату праезду банкаўскай карткай


Аплату банкаўскай карткай у менскім трамваі №6 неўзабаве адключаць — яна працавала ў «досьледным рэжыме», і вынік не спадабаўся «Менсктрансу».

Намесьнік галоўнага інжынэра «Менсктранс» Міхаіл Слодзінскі расказаў «Минск-Новости», што адключыць тэставую функцыю аказалася нават цяжэй, чым падкючыць, бо «шмат тэхнічных і юрыдычных нюансаў». Гэта хацелі зрабіць 4 лютага, але працэс зацягнуўся. Калі адключаць канчаткова, паведамяць пазьней.

Гэты «непапулярны з гледзішча пасажыраў крок» тлумачаць «нездавальняючай фінансавай справаздачнасьцю». «Менсктранс» і банк не сыходзіліся ў колькасьці пасажыраў, якія скарысталіся аплатай банкаўскай карткай на тэставым маршруце, і «гаворка не пра аднаго-двух пасажыраў, а пра дзясяткі і сотні».

Работа сыстэмы можа аднавіцца, калі зьявіцца «нейкі надзейны мэханізм кантролю за гэтай статыстыкай».

«БПС-Сбербанк», які выступаў банкам-экваерам (праводзіў плацяжы), пакуль не камэнтаваў заявы «Менсктрансу».

Як гэта працавала

Валідатары, усталяваныя ў менскіх трамваях, якія ходзяць па маршруце №6, ад 12 чэрвеня 2019 году маглі прымаць ня толькі бескантактныя праязныя, а і банкаўскія карткі. Каб аплаціць адну паездку, трэба было паднесьці да валідатара банкаўскую картку (або прыладу кшталту тэлефона ці гадзіньніка з NFC-чыпам), якая падтрымлівае бескантактныя плацяжы.

Калі ў трамвай заходзілі кантралёры, трэба было прыкласьці да іхнага тэрміналу банкаўскую картку (або прыладу з NFC), зь якой праводзілася аплата.

Што ня зьменіцца

  • У трамваях №6, як і ў астатнім наземным транспарце ў Менску, па-ранейшаму можна будзе аплочваць праезд бескантактным праязным.
  • У мэтро і цягніках «гарадзкіх лініяў» па-ранейшаму можна плаціць банкаўскай карткай (або прыладай з NFC).
  • Банкаўскай карткай па-ранейшаму можна плаціць у кіёсках «Менсктрансу».
  • Пра поўную адмову ад ідэі аплаты праезду банкаўскімі карткамі «Менсктранс» не гаворыць — калі-небудзь сыстэму зноў могуць наладзіць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG