Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шляхта ня маці Беларусі, а мачаха


Шляхта ВКЛ
Шляхта ВКЛ

Думкі гісторыка Алеся Краўцэвіча.

«Маці Беларусі — шляхта» — вельмі сьмелае і сумнеўнае акрэсьленьне Сяргеем Абламейкам ролі шляхты ў фармаваньні беларускай нацыі. Праўда, далей у тэксьце сам аўтар прызнае: «Вядома, ня ўся шляхта тады (у XIX ст. — А. Краўцэвіч) і пазьней зрабіла выбар на карысьць беларускай нацыянальнасьці і Беларусі. Шмат хто выбраў Польшчу».

Тут, як кажуць палякі: «Diabeł tkwi w szczegółach! (Д’ябал хаваецца ў дэталях!») Бо за акрэсьленьнем «шмат хто» крыецца велізарная большасьць шляхты Беларусі, якая мела польскую самасьвядомасьць і працавала на польскую дзяржаўнасьць.

Неяк на навуковай канфэрэнцыі гісторык з Шатляндыі спытаў, чаму я не лічу беларусамі польскамоўную шляхту пачатку ХХ ст. Адказ, здаецца, калегу пераканаў: «Таму што пасьля першай сьвятовай вайны шляхта зь беларускіх земляў ваявала не за незалежную Беларусь, а за незалежную Польшчу». Тыя, каго Сяргей Абламейка называе «шмат хто», на самой справе — абсалютная большасьць шляхецкага саслоўя, якая лічыла сябе палякамі і змагалася за Польшчу, у тым ліку за далучэньне да яе беларускіх земляў. За Беларусь змагаліся адзінкі.

Тэзіс «Маці Беларусі — шляхта» настолькі ж сьмелы, як і навукова недакладны. Калі ісьці за аўтарскай лёгікай, то можна гэтак жа сьмела бараніць тэзіс: «Маці Савецкага Саюзу — дваранства», бо большая частка кіраўніцтва партыі бальшавікоў, пачынаючы ад Леніна, былі дваранамі. (Толькі што тыя бальшавікі з дваранствам зрабілі?!)

Ёсьць навуковая клясыфікацыя нацыянальных рухаў у нашай частцы Эўропы паводле іх сацыяльнай структуры:

  • 1-я група: нацыянальныя рухі з прадстаўніцтвам усіх галоўных сацыяльных пластоў, г. зн. шляхты, мяшчанства, інтэлігенцыі, сялян, рамесьнікаў і рабочых. Да яе належаць палякі, вугорцы, румыны.
  • 2-я група: нацыянальныя рухі, у якіх ня ўдзельнічала шляхта. Гэта чэхі, латышы.
  • 3-я група: нацыянальныя рухі, у якіх ня ўдзельнічалі шляхта і мяшчанства. То ўжо г. зв. «сялянскія народы»: летувісы, славакі, беларусы і (у пэўнай ступені) украінцы.

Што праўда, нешматлікая група інтэлігенцыі, якая праводзіла нацыянальную агітацыю (чэхі такіх называлі прыгожым словам — «будзіцелі») у нас паходзіла пераважна з дробнай шляхты, якая мела магчымасьць атрымаць адукацыю. Але гэта сапраўды адзінкі. Дастаткова нагадаць, як адносіліся да беларускай дзейнасьці сямейнікі таго ж Багушэвіча ці Дуніна-Марцінкевіча.

Узьнікае пытаньне, а як быць з праявамі шляхецкай культуры ў Беларусі: замкамі, палацамі, творамі Міцкевіча, Сыракомлі, Манюшкі, Рушчыца? Адказ відавочны — іх можна і належыць залічваць да гістарычнай спадчыны беларускага народу.

Бо, па-першае, шмат якія замкі і палацы будаваліся ў XV–XVI ст., калі магнаты і шляхта жылі і дзейнічалі ў кантэксьце старабеларускай культуры і мовы.

Па-другое, ад той жа шляхты XVII – першай паловы XIX ст. нельга вымагаць беларускага патрыятызму ў сучасным яго разуменьні;

Па-трэцяе, усе гэтыя матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасьці ствараліся на нашай зямлі дзякуючы працы і на сродкі беларускага працоўнага люду.

Па-чацьвёртае, той жа Міцкевіч, Сыракомля і іншыя пісалі па-польску, але пра Беларусь (і не цураліся беларускай мовы).

Шляхецкі праект краёвасьці (супольнасьць грамадзянаў на абшары былога Вялікага Княства Літоўскага) аказаўся прыгожай, але недасяжнай марай, і ўжо ў пачатку ХХ ст. шляхта з беларускіх земляў стала перад выбарам нацыянальнай ідэнтычнасьці: польскай, беларускай ці летувіскай (нехта ўжо выбраў расейскую). І абсалютная яе большасьць сьвядома выбрала польскую.

Таму сёньня ніяк не выпадае агулам усю шляхту зь беларускіх земляў называць «Маці Беларусі». Тут пасуе толькі індывідуальны падыход. Нашмат большыя падставы мае той, хто лічыць шляхту Беларусі здрадніцкім саслоўем. Даводзілася чуць, як сучасную суполку «Згуртаваньне беларускай шляхты» зьедліва называлі «Згвалтаваньнем беларускай шляхты». Але гэта ўжо чыстая публіцыстыка.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG