Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шатляндыя спадзяецца вярнуцца ў ЭЗ як незалежная краіна


У пятніцу кіраўніца ўраду шатляндзкай аўтаноміі Нікала Стэрджэн паабяцала, што Шатляндыя вернецца ў Эўрапейскі зьвяз — але ўжо ў якасьці незалежнай дзяржавы, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Мітынгі і шэсьці супраць брэксыту прайшлі ў Эдынбургу, Глазга, Абэрдыне, Дэнды і іншых шатляндзкіх гарадах. У іх удзельнічалі дэпутаты брытанскага парлямэнту ад Шатляндзкай нацыянальнай партыі (SNP), якую ўзначальвае Стэрджэн.

Яны называлі Шатляндыю эўрапейскай краінай і патрабавалі яе хутчэйшага вяртаньня ў ЭЗ.

На рэфэрэндуме аб брэксыце ў 2016 годзе 62% шатляндцаў прагаласавалі супраць выхаду з Эўразьвязу.

У дзень брэксыту Стэрджэн выступіла з прамовай, у якой заклікала сваіх прыхільнікаў працягваць барацьбу за новы рэфэрэндум аб незалежнасьці Шатляндыі і набрацца цярпеньня.

Стэрджэн падкрэсьліла, што волевыяўленьне павінна прайсьці толькі ў рамках закону — гэта значыць са згоды брытанскага ўраду.

Яна ўзначальвае Шатляндзкую нацыянальную партыю, якая перамагла на сьнежаньскіх выбарах у 48 з 59 выбарчых акругаў у Шатляндыі.

Стэрджэн лічыць, што пераканаўчая перамога дае ёй мандат на рэфэрэндум.

Аднак прэм’ер-міністар Борыс Джонсан выключае такі сцэнар. Ён лічыць, што пытаньне было вырашанае ў 2014 годзе.

Тады 55% тых, хто прагаласаваў на рэфэрэндуме аддалі перавагу застацца ў Злучаным Каралеўстве.

Стэрджэн заявіла, што хацела б правядзеньня рэфэрэндуму ўжо сёлета, але не выключае, што ён можа адбыцца ў наступным, пасьля выбараў у шатляндэкі парлямэнт.

Яна дадала, што шатляндцы сустракаюць брэксыт з сапраўдным і глыбокім смуткам.

Між тым, будынкі шатляндзкага ўраду ў Эдынбургу былі падсьвечаныя сінім і жоўтым колерамі сьцяга ЭЗ.

Над імі і над парлямэнтам Шатляндыі будзе і далей узьняты эўрапейскі сьцяг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG