Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША не абмяжуюць уезд грамадзянам Беларусі


Адміністрацыя Дональда Трампа абвясьціла ў пятніцу, што абмяжоўвае легальную іміграцыю з шасьці дадатковых краін, якія, па словах чыноўнікаў, не адпавядаюць стандартам бясьпекі. Беларусі сярод іх няма, паведамляе агенцтва AP.

Чыноўнікі заявілі, што імігранты з Кіргізстана, М’янмы, Эрытрэі, Нігерыі, Судана і Танзаніі сутыкнуцца з новымі абмежаваньнямі ў атрыманьні пэўных візаў для прыезду ў ЗША. Але гэта не поўная забарона на ўезд, у адрозьненьне ад папярэдніх намаганьняў прэзыдэнта Трампа, якія выклікалі абурэньне ва ўсім сьвеце за несправядлівае вылучэньне мусульман.

На працягу тыдня гучалі чуткі аб магчымай новай забароне, і першапачаткова сярод краін, якія зь ёю сутыкнуцца, разгалядалася і Беларусь. Але ў выніковым сьпісе яе няма. 1 лютага Менск наведае амэрыканскі дзяржсактар Майк Пампэо.

Выконваючы абавязкі міністра ўнутранай бясьпекі Чад Вольф заявіў, што чыноўнікі па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі будуць працаваць з краінамі, каб дапамагчы ім выйсьці са сьпісу.

Выданьне Politico паведаміла 21 студзеня, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў Белым доме, што сьпіс краінаў, на якія распаўсюджваюцца амэрыканскія візавыя абмежаваньні, можа быць пашыраны.

Паводле зьвестак Politico, гаворка вялася пра:

  • Беларусь
  • Кіргізстан
  • М’янму
  • Нігерыю
  • Судан
  • Танзанію
  • Эрытрэю.

Пра магчымасьць пашырэньня амэрыканскага сьпісу такіх краінаў, сярод якіх можа апынуцца і Беларусь, паведамілі таксама The Wall Street Journal і The New York Times, адзначаючы, аднак, што гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьверджаная.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG