Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш за 10 авіякампаній прыпынілі рэйсы ў Кітай з прычыны каранавіруса


Больш за дзесяць міжнародных авіякампаній прыпынілі рэйсы ў Кітай з прычыны ўспышкі эпідэміі каранавіруса.

У прыватнасьці, аб спыненьні палётаў на мацерыковы Кітай да 9 лютага заявіла Lufthansa. Абмежаваньні таксама тычацца даччыных кампаній авіяперавозчыка. Група кампаній Lufthansa ажыцьцяўляе авіяпералёты ў 73 кітайскія аэрапорты, галоўным чынам у Пэкін і Шанхай.

Аб часовым спыненьні палётаў абвясьцілі і іншыя буйныя эўрапейскія перавозчыкі — Air France, British Airways і Finair, а таксама авіякампаніі з Паўднёва-Ўсходняй Азіі. З 9 лютага па 27 сакавіка будуць прыпыненыя палёты American Airlines.

Міжнародныя авіялініі Ўкраіны заявілі аб прыпыненьні да 24 лютага палётаў на кітайскі курорт Хайнань. Казахстан у першыя тры дні лютага мае намер цалкам спыніць транспартнае злучэньне з Кітаем, уключаючы наземнае.

«Уральскія авіялініі» Расеі спынілі папулярныя сярод кітайцаў рэйсы ў Эўропу і Японію з Екацярынбургу і Ўладзівастоку.

Першыя выпадкі заражэньня каранавірусам новага тыпу былі зафіксаваныя ў кітайскім горадзе Ухань ў канцы сьнежня. За гэты час ад выкліканай вірусам пнэўманіі і іншых ускладненьняў памерлі 132 чалавекі, каля шасьці тысяч заражаныя.

Паводле апошніх дадзеных, цяпер вірус распаўсюджаны ў 15 краінах, уключаючы Сынгапур, Японію, Нямеччыну, ЗША і Францыю. У Беларусі выпадкі заражэньня пакуль ня выяўленыя, у Магілёве ёсьць два падазрэньні на інфэкцыю.

Сёньня стала вядома, што Грузія і Казахстан рыхтуюць эвакуацыю сваіх грамадзянаў з Кітаю.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG