Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менчукі абурыліся спальваньнем мазуту на ЦЭЦ-4. «Менскэнэрга» адрэагавала


Менская ЦЭЦ-4, архіўнае фота
Менская ЦЭЦ-4, архіўнае фота

На сайце petitions.by зьявілася пэтыцыя, у якой менчукі патрабуюць спыніць выкарыстаньне мазуту на Менскай ЦЭЦ-4.

Аўтары пэтыцыі сьцьвярджаюць, што з 20 студзеня ў мікрараёне «Сухарава» немагчыма адчыніць фортку, бо «з вуліцы нясе мазутам і растваральнікамі», «многія скардзяцца на галавакружэньне і млявасьць, «ня могуць спаць уначы» ад едкага паху. У пэтыцыі просяць спыніць «зьдзек зь людзей» і перастаць выкарыстоўваць мазут у рабоце цеплаэлектрастанцыі і ліквідаваць непрыемны едкі пах.

На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісаліся ўжо больш за 900 чалавек.

Жыхары мікрараёнаў Сухарава і Чырвоны Бор пачалі абурацца непрыемным пахам і сажай, якая асядае на вокнах і аўтамабілях, яшчэ некалькі тыдняў таму.

У «Менскэнэрга» пацьвердзілі, што з 8 студзеня кацельнае абсталяваньне менскай ЦЭЦ-4 працуе на сумесі асноўнага паліва (прыроднага газу) і рэзэрвовага (мазуту), прычым мазуту ў структуры паліва было 55%. Паводле энэргетыкаў, абсталяваньне ў спраўным стане, а мазут адпавядае нарматывам.

У Менскім гарадзкім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Tut.by адказалі, што «ў цяперашні час перавышэньняў дапушчальных канцэнтрацый забруджвальных рэчываў у атмасфэрным паветры Менску ня выяўлена».

Пазьней у Менскэнэрга паведамілі, што 28 студзеня завяршылі пэрыяд выкарыстаньня рэзэрвовага паліва (мазуту), але дадаткова падкрэсьлілі, што «пераход на рэзэрвовае паліва можа быць ажыцьцёўлены ў любы час і працягласьць яго выкарыстаньня будзе вызначацца вытворчай неабходнасьцю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG