Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднавіліся суды над удзельнікамі акцый супраць «паглыбленай» інтэграцыі з Расеяй

Вячаслаў Сіўчык падчас аднаго з судоў
Вячаслаў Сіўчык падчас аднаго з судоў

У судах Партызанскага, Ленінскага і Цэнтральнага раёнаў Менску прызначаны працэсы супраць лідэра руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка, кіраўніка «Народнай грамады» Міколы Статкевіча і грамадзкага дзеяча Лявона Баршчэўскага.

Усіх іх вінавацяць у «парушэньні парадку правядзеньня масавага мерапрыемства».

20 студзеня Сіўчык і Статкевіч не зьявіліся на працэсы. У справе Статкевіча судзьдзя Аляксей Кісьляк абвясьціў перапынак да 27 студзеня для высьвятленьня месца знаходжаньня абвінавачанага. У справе Сіўчыка ў сувязі зь няяўкай падсуднага гэтаксама быў абвешчаны перапынак да 27 студзеня.

Сіўчыка зьбіраліся судзіць за акцыю супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі 8 студзеня, сьведкі-амапаўцы казалі, што палітык «выкрыкваў лёзунгі».

Статкевіча хочуць судзіць за мітынг 20 сьнежня мінулага году, дзе ён «выкрыкваў „Жыве Беларусь“», як сьцьвярджалі сьведкі-міліцыянты.

Лявона Баршчэўскага судзяць у судзе Цэнтральнага раёна, у былым будынку Беларускага гуманітарнага ліцэя, адным з сузаснавальнікаў якога ён зьяўляецца, за прамовы супраць інтэграцыі падчас леташніх сьнежаньскіх акцый.

Цягам сьнежня і пачатку студзеня ў гарадах Беларусі ішлі суды за акцыі пратэсту. Агульная сума штрафаў перавысіла 100 тысяч рублёў, больш за дзясятак чалавек асуджаныя агулам на 240 сутак арышту.

XS
SM
MD
LG