Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі і сьвеце ўшаноўваюць памяць ахвяр Галакосту


Мэмарыял ахвярам Галакосту ў «Яма» у Менску, сакавік 2019

27 студзеня сусьветная супольнасьць аддае даніну памяці ахвярам Галакосту і пацьвярджае сваю нязьменную прыхільнасьць барацьбе з антысэмітызмам, расізмам ды іншымі формамі нецярпімасьці, якія могуць прывесьці да мэтанакіраваных актаў гвалту ў дачыненьні да пэўных груп людзей.

27 студзеня як Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту заснаваны ў 2005 годзе рэзалюцыяй Генэральнай Асамблеі ААН № 60/7, суаўтарам якой у ліку 104 дзяржаў — сяброў ААН выступіла і Беларусь, — нагадвае МЗС Беларусі.

Дата прымеркавана да гадавіны вызваленьня войскамі савецкай Чырвонай Арміі ў 1945 годзе нацысцкага лягера сьмерці «Аўшвіц-Біркенаў» — самага буйнога комплексу канцэнтрацыйных лягераў на тэрыторыі акупаванай Эўропы. Тут закатавалі звыш 1 мільёна чалавек.

«Галакост і нацысцкі лягер сьмерці „Аўшвіц-Біркенаў“, які сымбалізуе яго, сталі аднымі з самых трагічных старонак гісторыі Беларусі і яе народу, які страціў за гады Другой сусьветнай вайны кожнага трэцяга. Сярод загінулых — 700 тысяч габрэяў, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі. У Менску нацысты стварылі трэцяе па велічыні гета для зьнішчэньня яўрэяў на тэрыторыі акупаванай Эўропы. У „Аўшвіц-Біркенаў“ знаходзіліся тысячы зьняволеных беларусаў (і гэта без уліку беларускіх габрэяў, палякаў, цыганоў). У лягер было дастаўлена больш за тысячу беларускіх дзяцей.Іх жыцьцё абарвалася, але яна можа працягвацца ў нашых сэрцах, думках і абяцаньні не дапусьціць паўтарэньня тых страшных падзей», — паведамляе МЗС Беларусі.

26 студзеня ўрачысты вечар і канцэрт памяці ахвяр Галакосту прайшоў у менскай філярмоніі.

27 студзеня адкрыецца выстава памяці ахвяр Галакосту ў музэі Вялікай Айчыннай вайны ў Менску.

У былым канцэнтрацыйным лягеры Аўшвіц-Біркенаў сёньня пройдуць урачыстасьці з нагоды 75-годзьдзя ягонага вызваленьня, у ёй возьмуць удзел прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда і афіцыйныя дэлегацыі з розных краінаў, у тым ліку Беларусі. Прэзыдэнт Расеі Пуцін на іх не запрошаны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG