Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другое ў акупаваным СССР. 10 фактаў пра зьнішчэньне Менскага гета


21 кастрычніка 1943 году нацысты зьнішчылі Менскае гета. У гэты дзень Менск страціў частку сваёй ідэнтычнасьці. Разам з гета амаль цалкам зьнікла шматвекавая прысутнасьць габрэяў у беларускай сталіцы.

На траціну габрэйскі Менск

Да вайны габрэі складалі траціну насельніцтва Менску. Паводле перапісу 1939 году, са 198 тысяч менчукоў 30% былі габрэямі.

Агулам да Другой усясьветнай вайны ў Беларусі пражывала каля 900 тысяч габрэяў. За гады акупацыі нацысты зьнішчылі тут каля 800 тысяч беларускіх і 50 тысяч эўрапейскіх габрэяў.

Вязьні Менскага гета, 1941 год
Вязьні Менскага гета, 1941 год

Другое па велічыні ў СССР

На тэрыторыі Беларусі было створана 250 гета. Менскае гета было другім найвялікшым на акупаванай немцамі тэрыторыі СССР пасьля Львоўскага і адным з самых буйных ва ўсёй Эўропе. У ім знаходзіліся каля 100 000 чалавек: каля 80 тысяч беларускіх габрэяў і больш за 20 тысяч дэпартаваных з Эўропы.

Дзе разьмяшчалася гета

Менскае гета на нямецкай карце 1942 году
Менскае гета на нямецкай карце 1942 году

У раёне Юбілейнай плошчы. Гета ўключала каля 40 вуліц і завулкаў у паўночна-заходняй частцы гораду. Яно існавала са жніўня 1941 да кастрычніка 1943.

Без пагромаў насельніцтва

Паводле ізраільскага гісторыка, супрацоўніка мэмарыяльнага комплексу «Яд ва-Шэм» Арона Шнэера, у Менскім гета ніколі не было пагромаў, ініцыявах мясцовым насельніцтвам. Усё рабілася адмысловымі нямецкімі падразьдзяленьнямі і шматнацыянальнымі дапаможнымі часткамі і паліцыяй.

Экзэкуцыі шакавалі нават Гімлера

Гімлер дорыць падарунак Адольфу Гітлеру
Гімлер дорыць падарунак Адольфу Гітлеру

На адным з масавых расстрэлаў у Менскім гета прысутнічаў райхсфюрэр СС Гайнрых Гімлер. Падчас экзэкуцыі яго ванітавала. Пасьля гэтага ён, занепакоены за псыхалягічны стан салдатаў, рэкамэндаваў не прызначаць у расстрэльныя каманды СС мужчын, якія маюць сем’і.

Афіцэр Люфтвафэ — ратаўнік габрэяў

Зь гісторыяй Менскага гета зьвязанае імя афіцэра Люфтвафэ Вілі Шульца. Ён быў кіраўніком інтэнданцкай службы. Шульц праз пачуцьці да габрэйкі Ільзы Штэйн 30 сакавіка 1943 году вывез на грузавіку з гета да партызанаў 25 габрэяў.

Чаму пасьля вайны габрэі пратэставалі супраць Панамарэнкі

Панцеляймон Панамарэнка
Панцеляймон Панамарэнка

Партызанскія атрады рэдка прымалі габрэяў. Такую ўстаноўку яны атрымалі ад начальніка Цэнтральнага штабу партызанскага руху, 1-га сакратара ЦК КПБ Панцеляймона Панамарэнкі. Пасьля вайны, у 1955 годзе, Панамарэнка быў прызначаны паслом у Бэльгію. Мясцовыя жыхары, даведаўшыся пра ягоныя «заслугі», ладзілі дэманстрацыі пратэсту ля савецкага пасольства.

Вера Спарнінг — ратаўніца дзяцей

У гэтым будынку ў Менску падчас вайны знаходзіўся дзіцячы дом нумар 7, у якім перахоўвалі габрэйскіх дзяцей. Дырэктарка дому Вера Спарнінг (Спарніна) атрымала званьне Праведніка народаў сьвету.

Трагедыя менскага габрэйства

Найбольш масавыя забойствы габрэяў (немцы выкарыстоўвалі эўфэмізм «акцыя») адбыліся 7–8 лістапада 1941 году (зьнішчана 18 тысяч габрэяў), 20 лістапада 1941 году (15 тысяч), 2 сакавіка 1942 году (8 тысяч), 28 ліпеня 1942 году (25 тысяч), 21–23 кастрычніка 1943 году (22 000 габрэяў, прывезеных на сьмерць з краінаў Эўропы). Да таго ж зь вясны 1942 году вязьняў Менскага гета пачалі зьнішчаць у душагубках.

3 ліпеня 1944 году Чырвоная Армія ўвайшла ў Менск, са сховішчаў выйшлі ўсяго 13 габрэяў, якія некалькі месяцаў хаваліся ў сутарэньні дома каля габрэйскіх могілак на вуліцы Сухой.

Яма. Жалобная цырымонія да 75-годзьдзя зьнішчэньня Менскага гета
Яма. Жалобная цырымонія да 75-годзьдзя зьнішчэньня Менскага гета

Савецкі антысэмітызм

У жніўні 1946 году ў Менску быў узьведзены першы ў СССР помнік загінулым габрэям «Яма» з надпісам на ідыш «Габрэям — ахвярам нацызму».

У 1949 годзе аўтара вершу на мэмарыяле «Яма» Хаіма Мальцінскага саслалі ў Гулаг па абвінавачваньні ў касмапалітызьме. У тым ліку за тое, што ён асьмеліўся напісаць на помніку фразу пра загінулых габрэяў, а не пра «мірных савецкіх грамадзянаў». Мальцінскага рэабілітавалі ў 1956 годзе.

Пра малавядомыя старонкі супраціву вязьняў Менскага гета, пра кіраўніка падпольля гета Міхаіла Гебелева пісала яшчэ ў 1970–80-я гады навуковая супрацоўніца Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Ганна Купрэева. Але яе дасьледаваньні паклалі ў архівы. Дакумэнтальны нарыс Купрэевай «Менскае гета: схаваная праўда» адважылася апублікаваць толькі рэдакцыя часопіса «Беларуская мінуўшчына».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG