Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да аргкамітэту Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасьць далучыліся новыя партыі і арганізацыі


Кангрэс за незалежнасьць 21 сьнежня 2014 году. Архіўнае фота

Да аргкамітэту Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасьць далучыліся Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя-БНФ і рух салідарнасьці «Разам». Такое рашэньне было прынятае на пасяджэньні аргкамітэту 23 студзеня, паведаміў старшыня аргкамітэту кангрэсу Ігар Рынкевіч.

Акрамя таго, у склад аргкамітэта ўвайшла грамадзянская ініцыятыва «Рада беларускай інтэлігенцыі». Партыя «Зялёныя» прыняла рашэньне накіраваць назіральніка, а праз два тыдні разгледзіць магчымасьць таксама стаць суарганізатарам кангрэсу.

Старшыня рады міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Ніна Шыдлоўская сышла з пазыцыі сустаршыні аргкамітэту з прычыны хваробы. Але «Бацькаўшчына» застаецца сярод арганізатараў кангрэсу.

Сустаршынямі аргкамітэту сёньня былі абраныя лідэр «Рады беларускай інтэлігенцыі» Ўладзімір Колас і сустаршыня руху «Разам» Алена Толстая. Астатнія сустаршыні — Алена Анісім, Ігар Рынкевіч, Павал Севярынец.

Члены аргкамітэту ня выключылі магчымасьці ўдзелу пэўных прадстаўнікоў беларускіх уладаў у Кангрэсе, а дэмакратычных лідэраў — ва Ўсебеларускім народным сходзе.

Таксама міжнародны сакратар аргкамітэту Алена Крушэўскіх на сёньняшнім пасяджэньні паведаміла, што заплянаваная сустрэча з расейскімі прадстаўнікамі Грамадзянскага форуму «ЭЗ-РФ», шэраг сустрэч з пасламі краін ЭЗ у Беларусі.

Сёньня былі вызначаныя квоты прадстаўніцтва дэлегатаў на кангрэс. Палітычныя партыі, рэспубліканскія грамадзкія аб’яднаньні, якія маюць больш за 1.000 членаў, вылучаюць па 40 дэлегатаў, іншыя аб’яднаньні, у тым ліку незарэгістраваныя — 20 дэлегатаў, сходы грамадзян і ініцыятывы змогуць вылучыць аднаго дэлегата ад кожных дзесяці чалавек.

Аргкамітэт ў найбліжэйшыя дні плянуе зьвярнуцца да беларускага народу з заклікам аб удзеле ў кангрэсе.

Усебеларускі кангрэс за незалежнасьць плянуецца правесьці 15 сакавіка 2020 году. Плянуецца, што гэта будзе ня зтезд палітычных партый, але вялікі збор прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага народу. Чакаецца ўдзел да 500 дэлегатаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG