Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым скончыцца беларуска-расейская нафтавая «вайна»?


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Ці праўда, што расейская нафта для Беларусі таньнейшая за любую альтэрнатыву? Чаму ранейшыя альтэрнатыўныя пастаўкі нафты з Вэнэсуэлы і Азэрбайджану ня сталі сталымі? Якой мэты дасягае Лукашэнка канфліктам наконт нафты ў стасунках з Расеяй?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць заснавальнік Цэнтру новых ідэяў, аналітык брытанскага Chatham House Рыгор Астапеня, галоўная рэдактарка інтэрнэт-выданьня Валерыя Касьцюгова і эканаміст Яраслаў Раманчук.

Астапеня:

  • Гэты крызіс не эканамічны, а палітычны, гэта пэрсанальны двубой
  • Цяпер у расейскай палітычнай клясе ёсьць кансэнсус наконт таго, што Беларусь рухаецца ў няправільным накірунку
  • Для Лукашэнкі канфлікт — гэта быў самы зручны шлях, бо і раней атрымлівалася дзейнічаць такім чынам
  • Праз паўгода альтэрнатыўныя пастаўкі будуць каля нуля

Касьцюгова:

  • Расейская цана на нафту, вышэйшая за ўсясьветную — гэта як прагноз надвор’я ад Гідрамэтцэнтру з дакладнасьцю ў 120%
  • Толькі расейская нафта, якая значна таньнейшая за ўсясьветную, дае магчымасьць працягваць існаваньне беларускай мадэлі эканомікі
  • Калі б Лукашэнка сапраўды баяўся за незалежнасьць, настолькі сурʼёзна ацэньваў пагрозу з боку РФ — то навошта ён уступіў у перамоўны працэс паглыбленьня інтэграцыі?
  • Калі беларускі бок ня здолее дамагчыся ніякіх саступак ад Масквы, на альтэрнатыву прыпадзе 10-15% нафтавага імпарту

Раманчук:

  • І беларускі ўрад, і грамадзянская супольнасьць, і вытворцы гатовыя пацярпець больш высокую цану на нафту, каб захаваць краіну
  • нават у школах праводзяцца сходы з вучнямі і іх бацькамі з парадкам дня «Ўстанем на абарону незалежнасьці»
  • Расея мае свой сцэнар, які яна можа ўключыць у асобе свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах
  • 15-20% альтэрнатыўных паставак — гэта максымум

Дракахруст: Паміж Беларусьсю і Расеяй — чарговая нафтавая вайна. Вось яе сьціслая храналёгія.

— З 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты.

— Лукашэнка даручыў тэрмінова арганізаваць альтэрнатыўныя пастаўкі.

— Нарвэгія паставіла Беларусі 80 тысячаў тонаў празь літоўскі порт Клайпеда.

— 21 студзеня Лукашэнка паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў. Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.

Падчас цяперашняга нафтавага крызісу нярэдка выказвалася думка, што нават найгоршыя ўмовы пастаўкі расейскай нафты лепшыя, танейшыя за найлепшыя альтэрнатывы. Гэта сапраўды так?

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Раманчук: Каб ацаніць гэтыя лічбы, трэба адказаць на пытаньне — колькі каштуе незалежнасьць Беларусі? Тады разьлікі, паводле якіх альтэрнатыўная нафта даражэйшая за расейскую на 10-20 даляраў, будуць мець зусім іншы выгляд.

І беларускі ўрад, і грамадзянская супольнасьць, і вытворцы гатовыя пацярпець гэтую больш высокую цану, але захаваць краіну.

Ці ёсьць на рынку больш танная, чым расейская, прапанова? Яе няма.

Трэба мець на ўвазе, што інтарэсы двух беларускіх НПЗ і нафтавага лёбі кардынальна адрозьніваюцца ад інтарэсаў субʼекта міжнароднага права Рэспубліка Беларусь.

Дракахруст: Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Расея прапаноўвае Беларусі цану на нафту вышэйшую за ўсясьветную. Што азначае гэтае выказваньне? Што цана, скажам, для Нямеччыны без транзыту і мыта ніжэйшая, чым для Беларусі?

Касьцюгова: Я ня ведаю, якія ў яго падлікі. Але вось чытаю яго нядаўнюю заяву — Гідрамэтцэнтар дае прагноз надворʼя з дакладнасьцю ў 120%.

Што ён меў на ўвазе? Мы яго ведаем, ён любіць мэтафары, якія яму здаюцца прыгожымі. І якраз у сфэры лічбаў.

Астапеня: Калі Лукашэнка кажа пра гэтыя рэчы, ён выкарыстоўвае ўласную крэатыўную бухгалтэрыю. Эканамічна мэтазгодна набываць нафту безумоўна ў Расеі.

Але гэты крызіс не эканамічны, а палітычны, гэта пэрсанальны двубой.
Таму ёсьць сэнс, хай кароткатэрміновы, у альтэрнатыўных пастаўках. Мэта — паказаць свой характар, «кінуць панты».

«Калі праблема толькі ў грошах — гэта не праблема, а выдаткі»

Дракахруст: Ёсьць габрэйская прымаўка: калі праблема толькі ў грошах — гэта не праблема, а выдаткі. Цяперашняя беларуска-расейская нафтавая «вайна» — гэта праблема ці выдаткі?

Раманчук: У габрэйскага народу шмат мудрых думак. Думаю, што і наконт цяперашняй сытуацыі ёсьць. Калі вы працавалі з адным партнэрам 20 гадоў, а цяпер гэты партнэр хоча прыйсьці ў ваш дом і ўсталёўваць у ім свой парадак, то нават калі ён прапаноўвае больш танную нафту, вы з меркаваньняў годнасьці гэтую нафту ня купіце.

Расейскія энэрганосьбіты заўсёды былі і ёсьць інструмэнтамі геапалітыкі. Лукашэнка 20 гадоў думаў, што Беларусі гэта тычыцца ня будзе. Але ён памыляўся. Прымус да жыцьця бяз гэтага энэргетычнага гранту прыняў такія формы. У Крамлі мяркуюць, што Лукашэнка настолькі ня хоча праводзіць рэформы, што пагодзіцца на прапановы Крамля і расейскіх нафтавых «баронаў». Лукашэнка мяркуе, што зараз Крэмль будзе заняты канстытуцыйнай рэформай і праз пару месяцаў стасункі размарозяцца.

Рыгор Астапеня
Рыгор Астапеня

Астапеня: Мне падаецца, што тут шмат пераменных — гэта і падатковы манэўр, і інтэграцыя, і брудная нафта. Думаю, што для Лукашэнкі гэта найперш палітычны выклік.

Я малады бацька і бачу, як дзеці гуляюць у пясочніцы. Адзін кінуў у іншага пяском, той у адказ высыпаў на крыўдзіцеля вядро пяску. І гэта тыя, хто 3 хвіліны таму адзін адному ўсьміхаліся. Гэтак жа адбываецца і ў беларуска-расейскіх адносінах.

Чаму альтэрнатыўныя пастаўкі ня сталі сталымі?

Дракахруст: Пра тое, што імпарт энэрганосьбітаў варта дывэрсыфікаваць, беларускія ўлады казалі і раней. Беларусь у мінулым мела досьвед альтэрнатыўных паставак нафты, у прыватнасьці, з Азэрбайджану і з Вэнэсуэлы. Чаму гэтая практыка ня стала сталай, штогадовай?

Валерыя Касьцюгова
Валерыя Касьцюгова

Касьцюгова: Адказ на гэтае пытаньне залежыць ад адказу — гэта праблема ці выдаткі. Дык вось гэта праблема. Толькі расейская нафта, якая значна таньнейшая за ўсясьветную цану, дае магчымасьць працягваць існаваньне беларускай мадэлі эканомікі.

Да апошняга часу перапрацоўка нафты і экспарт нафтапрадуктаў давалі магчымасьць фінансаваць стратную беларускую прамысловасьць. Гэта магчыма толькі пры цане на нафту ніжэйшай за ўсясьветную.

Але да 2024 году, пасьля завяршэньня падатковага манэўру ў Расеі, цана на расейскую нафту для Беларусі стане прыкладна такой жа, як і ва ўсім рэгіёне. Тады НПЗ можа і будуць працаваць з прыбыткам, але яны ня змогуць падтрымліваць усю астатнюю неэфэктыўную эканоміку.

Таму Менск хоча хаця б на пэўны тэрмін зафіксаваць прыярытэтныя ўмовы пакупкі нафты.

Дракахруст: Альтэрнатыўныя пастаўкі нафты — ці стануць яны сталымі?

Касьцюгова: Тэарэтычна гэта магчыма. Краіны-суседзі могуць пашукаць магчымасьці. Але гэта ж не сацыялістычныя эканомікі, там урады наўпрост не ўплываюць на маркетынгавыя стратэгіі прыватных кампаніяў. Але гэта ў любым выпадку ня верне часы, калі нафтаперапрацоўка была звышпрыбытковай галіной.

Дракахруст: Цяперашняя нафтавая вайна — далёка ня першая ў гісторыі двухбаковых адносінаў. У чым сёлетні крызіс падобны да папярэдніх, а ў чым — адрозны? Спрэчкі кожны раз пра адно і тое ж ці пра рознае?

Раманчук: Адно прынцыповае адрозьненьне — гэта Пуцін, гэта царскія паўнамоцтвы, якія ён атрымае праз канстытуцыйную рэформу, гэта моц, якую набыла Расея.

За 15 гадоў, якія прайшлі з першай нафтавай вайны, у Беларусі не адбылося ніякай мадэрнізацыі. Танныя нафта і газ сталі наркотыкамі, ад якіх Лукашэнка адмовіцца ня здолеў.

Сёньня Лукашэнка абвяшчае ідэалягічную мабілізацыю. Я даведаўся, што нават у школах праводзяцца сходы з вучнямі і іх бацькамі з парадкам дня «Ўстанем на абарону незалежнасьці». Нават дзяцей мабілізуюць.

Астапеня: Я мяркую, што цяперашні крызіс у адносінах — вызначальны. Раней у Беларусі было сваё лобі ў Расеі, былі нафтавыя бароны, былі Праханавы-Зюганавы, былі блізкія да Менску губэрнатары. Цяпер саюзьнікаў там у Беларусі няма.

Цяпер у расейскай палітычнай клясе ёсьць кансэнсус наконт таго, што Беларусь рухаецца ў няправільным накірунку. І яе трэба шчыльней прывязаць да Расеі.

А ў Беларусі ёсьць разуменьне, што нельга надта шчыльна прывязвацца да Расеі.

І тут цяжка знайсьці кампраміс. І справа нават ня ў тым, што думае Пуцін пра 2024 год. Ёсьць несупадзеньне, супярэчнасьць паміж нацыянальнымі інтарэсамі дзьвюх краінаў. Гэты крызіс такі доўгі таму, што ён пра вельмі важныя рэчы.

Ці дамовяцца як заўжды?

Дракахруст: Ці можна сказаць, што цяперашні крызіс вырашыцца, як і папярэднія — дамовяцца з Расеяй і расейская нафта, як і раней, будзе складаць ільвіную долю беларускага нафтавага імпарту? Калі так, то навошта было даводзіць сытуацыю да крызісу? Якую задачу можна вырашыць пра дапамозе крызісу?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Касьцюгова: Я нязгодная ні зь Яраславам, ні з Рыгорам наконт радыкальнага адрозьненьня цяперашняга крызісу ад папярэдніх. Крызіс — гэта ёсьць сэнс палітыкі Беларусі, ніякай іншай палітыкі ў Лукашэнкі ніколі не было.

Калі б Лукашэнка сапраўды баяўся за незалежнасьць, настолькі сурʼёзна ацэньваў пагрозу з боку РФ — навошта ён уступіў у перамоўны працэс паглыбленьня інтэграцыі? Можна ж было выбраць «кансэрватыўны варыянт», які прапанаваў Мядзьведзеў у сьнежні 2018 году разам з паглыбленьнем інтэграцыі. Пры гэтым «кансэрватыўным варыянце» мы б штогод плацілі крыху больш за нафту і да 2024 году прыйшлі б да сярэдніх для рэгіёну цэнаў.

Не, ён пайшоў у гэтую паглыбленую інтэграцыю, паколькі ніколькі не лічыў гэта сурʼёзнай пагрозай.

Я лічу, што гэтыя крызісы, і цяперашні ў тым ліку, павінны абгрунтаваць права Лукашэнкі займаць прэзыдэнцкую пасаду ўжо 25 гадоў.

Бо менавіта ён — здабыўнік рэсурсаў для неэфэктыўнай беларускай мадэлі, менавіта ён прыносіць грошы з Расеі. Гэта падмурак яго палітыкі, і крызіс — яе інструмэнт.

Астапеня: Для Лукашэнкі канфлікт — гэта быў самы зручны шлях, бо раней атрымлівалася дзейнічаць так. Мы пасварымся, паспрачаемся, яны нам дадуць чарговую зьніжку.

І ён не баяўся гэтых крызісаў і канфліктаў, я думаю, што ён і цяперашняга крызісу не асабліва баіцца. Але ён не пабачыў, што Расея зьмянілася. Я думаю, што гэта проста пралік.

Дракахруст: Яраслаў, а ці пралік? Колькі было прагнозаў падчас папярэдніх крызісаў — Лукашэнка прайграў, прадзьмуў, пралічыўся. А вось не прадзьмуваў. Дык можа і зараз не прадзьме? Так, ён абвастрае, ён рызыкуе. Але магчыма, што і гэтым разам падобная тактыка дасьць плён?

Раманчук: Адказ залежыць ад Пуціна і тых новых тэхнакратаў, якія прыйшлі ў расейскі ўрад.

Лукашэнка працуе праз сваіх лабістаў у Расеі, якія нікуды не падзеліся — той жа Прыходзька, той жа Чайка, той жа Грэф, тыя ж нафтавыя бароны.

З пуцінскім алігархам Ратэнбэргам ён зьбіраецца працаваць па камэрцыйных праектах.

Але шмат што будзе залежыць ад пазыцыі расейскіх сілавікоў, для якіх грошы — не галоўнае, іх інтарэсы адрозныя ад інтарэсаў нафтавікоў і банкіраў.

Балянс інтарэсаў ссунуўся ў бок сілавікоў.

І зараз пасланьне Лукашэнкі будзе — мы будзем плаціць за сваю незалежнасьць. Хай заробкі зьнізяцца да 350-400 даляраў, але адстаім незалежнасьць.

Аднак ці пагодзіцца Расея з гэтай адаптацыяй да новых цэнаў і новых варункаў? Ці пагодзяцца з гэтым беларусы, ці ня скажуць — ты не здабываеш нам грошы ў Расеі, тады мы не давяраем цябе?

Расея мае свой сцэнар, які яна можа ўключыць у асобе свайго кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах. І неабавязкова гэта будзе прадстаўнік апазыцыі.​

Чаму Беларусь ня Польшча?

Дракахруст: Польскі экспэрт у пытаньнях энэргетыкі паведаміў у інтэрвію РС лічбу: доля РФ у нафтавым імпарце Польшчы — 70%. Лукашэнка ставіць задачу зьнізіць долю Расеі ў нафтавым імпарце Беларусі да 30-40%. Гэта рэальна? А якой доля альтэрнатыўных паставак магла б быць у самых лепшых абставінах?

Раманчук: 15-20% у самай лепшай сытуацыі. Усё будзе залежыць ад таго, каму будуць належаць беларускія НПЗ. Калі Лукашэнка ў межах кампрамісу прадасьць частку акцыяў гэтых НПЗ блізкім да Крамля кампаніям, то мяркую, што гэтыя кампаніі здолеюць дамагчыся зваротнага акцызу, кампэнсацыі падатковага манэўру, для тады ўжо сваіх НПЗ у Беларусі.

Так што 15-20% альтэрнатыўных паставак — гэта максымум. Але статус нафтавага эмірату Беларусь страціла назаўжды.

Касьцюгова: 30% альтэрнатыўных паставак у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы — гэта патрабаваньне энэргетычнай бясьпекі ЭЗ, гэта выкананьне брусэльскіх нарматываў. Паколькі Беларусь не ўваходзіць у ЭЗ, то Беларусі такі нарматыў ніхто не накідае.

Штаб-кватэра Эўракамісіі ў Брусэлі
Штаб-кватэра Эўракамісіі ў Брусэлі

Дракахруст: Дык Лукашэнка ж сказаў яшчэ круцей — што альтэрнатыўныя пастаўкі павінныя складаць 60-70%.

Касьцюгова: Ну гэта яго жарсьць да жангляваньня лічбамі і перабольшаньняў. Відавочна, што гэта сказана дзеля прыгажосьці.

Калі беларускі бок ня здолее дамагчыся ніякіх саступак ад Масквы і калі НПЗ будуць заставацца беларускімі, то на альтэрнатыву прыпадзе 10-15% нафтавага імпарту.

Калі ж дамоўленасьць будзе дасягнутая, то і 15% ня будзе.

Астапеня: Я мяркую, што праз паўгода альтэрнатыўныя пастаўкі будуць каля нуля. Дамоўленасьць з Масквой будзе дасягнутая, а альтэрнатыўныя пастаўкі будуць абстракцыяй.

Беларуская сыстэма даволі лянівая.

Яна пачынае гэтыя альтэрнатыўныя пастаўкі, а потым кідае. А пасьля вяртаецца да расейскіх паставак. А калі пачнецца крызіс, то што-небудзь прыдумаем.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG