Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Грушаўскі сквэр перажыў фашыстаў, а адміністрацыю Маскоўскага раёну ня можа». Пра што гаварылі жыхары на сустрэчы з уладамі


Сустрэча мясцовых жыхароў з уладамі па «пытаньні разьвіцьця тэрыторыі мікрараёну Грушаўка». Менск, 23 студзеня 2020 году

У менскай «Грушаўцы» не спыняецца змаганьне за гістарычны сквэр. Яму пагражае частковае высяканьне дзеля чарговай будоўлі.

У актавай залі менскай сярэдняй школы № 3 намесьнік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Ўладзімер Танкевіч і дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак сустрэліся з жыхарамі, каб абмеркаваць «пытаньні разьвіцьця тэрыторыі мікрараёну Грушаўка».

Асноўнае пытаньне, якое хвалявала жыхароў — абарона Грушаўскага сквэру ад забудовы кампаніяй «Датч Стар».

Перад гэтым абаронцы Грушаўскага сквэру сустрэліся са старшынёй Савету Рэспублікі Натальляй Качанавай, якая зьяўляецца дарадцай прэзыдэнта па Менску.

Натальля Качанава паабяцала асабіста наведаць Грушаўскі сквэр і разабрацца ў сытуацыі.

Маленькая заля школы была перапоўненая, некаторыя жыхары вымушаны былі заставацца ў калідоры.

Пра што казалі людзі на сустрэчы

Выступаюць мясцовыя жыхары
Выступаюць мясцовыя жыхары

«Раней Грушаўскі мікрараён славіўся як зялёны куток гораду. Я тут жыву больш за 60 гадоў, мае бацькі адсюль. Мой тата казаў, што мы жывём, як у вёсцы: суцэльная зеляніна. А нам сёньня паставілі такія барыкады, што Берасьцейская крэпасьць зелянейшая», — сказала жанчына.

Дзьмітры сказаў, што забясьпечанасьць зялёнымі тэрыторыямі на чалавека павінна складаць 8-10 кв. м., а ў межах забудовы складае 1,2 кв м. Пашпарта Грушаўскага сквэра дагэтуль няма, таму незразумела, як са сквэра выдзелілі ўчастак забудоўніку «Датч Стар». Дагэтуль дзейнічае праект дэталёвага плянаваньня ад 2004 году, а зьмены ў яго можна ўнесьці толькі пасьля грамадзкага абмеркаваньня, якое не праводзілася. Таму прынятыя раней дакумэнты парушылі «ў поўным аб’ёме».

Мясцовы жыхар Дзьмітры
Мясцовы жыхар Дзьмітры

Раней межы Грушаўскага сквэру выглядалі, як «роўны прастакутнік», а на прадстаўленай на сустрэчы схеме ён ужо з выразаным участкам.

«Забудоўніку ўжо выдалі ўчастак і, магчыма, на гэтым тыдні пачнуць высякаць нашы дрэвы, хоць пашпарта Грушаўскага сквэру з дакладнымі межамі няма», — кажа жыхар Грушаўкі Дзьмітры.

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Ўладзімер Танкевіч
Намесьнік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Ўладзімер Танкевіч

Намесьнік кіраўніка адміністрацыі раёну Ўладзімер Танкевіч спаслаўся на рашэньне Менгарвыканкаму, якое санкцыянуе будоўлю і якое ён выконвае.

«Дык тут няма чаго зьбірацца. Яны прадстаўляюць ня нашы інтарэсы, а інтарэсы Менгарвыканкаму. Свае інтарэсы. А нас ніхто ня чуе», — казалі жыхары.

Дэпутатка Макарына-Кібак паведаміла, што пасьля рэакцыі сацсетак ініцыявала гэту сустрэчу. «У адной частцы будзе высечка, што ўжо вырашана Менгарвыканкамам. Дрэвы агледзелі, і, якія патрэбна, высекуць. Але толькі пасьля таго, пасадзяць новыя», — запэўнівала яна.

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак

«Пра сквэр ідзе гаворка, а не пра дрэвы, — адказала на гэта жыхарка.

Жыхары сьцьвярджалі, што для кампэнсацыйных пасадак дрэваў няма месца.

«Захацелі — аддалі, захацелі — парэзалі»

«Я не ўяўляю, хто і як у нас працуе, але заканадаўства ніхто не выконвае: ні вы, ні будаўнічая экспэртыза», — сказаў удзельнік сустрэчы прадстаўнікам уладаў. Гэтыя словы выклікалі аплядысмэнты ў залі.

«На якой падставе вы паменшылі плошчу сквэру? — пыталіся жыхары. — У нас ёсьць закон, які павінны выконваць усе. Чаму Менгарвыканкам парушае гэты закон і сам зацьвярджае межы?»

«Захацелі — аддалі, захацелі — парэзалі. Вы ж галоўныя, праўда? А што заканадаўства, дык чхалі на яго. Экспэртыза парушае закон, вы чуеце ці не? Мы падамо ў суд на рашэньне Менгарвыканкаму», — не спыняліся жыхары.

«Гэты сквэр перажыў фашыстаў, а чамусьці адміністрацыю Маскоўскага раёну перажыць ня можа», — сказаў мужчына.

«Ня можа, бо ёсьць тыя, хто можа больш заплаціць!» — казалі з залі.

«А забудоўніку ня сорамна? Я як будаўнік кажу, што мне было б сорамна».

«Дэпутат, вы на чыім баку?», — пыталіся людзі.

«Гэты чалавек (прадстаўнік адміністрацыі) ні за што не адказвае, як перадатачнае зьвяно. Ён не адстойвае нашых інтарэсаў. Вы (зьвяртаецца да дэпутаткі) паглядзіце, як зьдзекуюцца з Грушаўкі. Ужо плюнуць няма дзе — кругом шматпавярховікі. Гэтаму кавалачку сквэру ўжо амаль 90 гадоў, і на гэта сьвятое месца паквапіліся. Вярніце нам гэты кавалак сквэру!» — сказаў чалавек сталага веку.

«Будзем публічна рваць бюлетэні за Грушаўскі сквэр»

Адна з жанчын параіла дэпутатам наведаць сквэр. «Мы пакуль ня бачым вашай працы. — сказала яна. — Давайце ўключаць лёгіку. Сквэр ужо сёньня выглядае, як дваравая тэрыторыя. І мы ўжо гэта баімся страціць. Дэпутаты, пачуйце нас. Нядаўна адбыліся выбары, наперадзе прэзыдэнцкія. Нас будуць заклікаць ісьці на выбары. Калі мы не адстаім гэты сквэр, мы прыйдзем на ўчасткі і будзем публічна рваць бюлетэні за Грушаўскі сквэр. Пачуйце нас! Мы былі на прыёме ў Качанавай. Мы ня хочам бачыць гэтыя новыя 5 пад’ездаў». Ізноў аплядысмэнты ў залі.

«Як так атрымліваецца, што ўсюды нейкі падман?» — спытаўся жыхар.

Старшыня партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук запытаўся, ці працуе сын Уладзімера Танкевіча ў кампаніі-забудоўніцы? На гэта Танкевіч адмовіўся адказваць, маўляў, гэта прыватная справа.

Старшыня партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук
Старшыня партыі «Зялёныя» Дзьмітры Кучук

Дэпутатка Макарына-Кібак паабяцала арганізаваць на наступным тыдні чарговую сустрэчу з прадстаўнікамі розных структур, датычных да сытуацыі.

Але жыхары патрабавалі, каб «высяканьне сквэру прыпынілі».

Від на будаўнічую пляцоўку з навабуду каля Грушаўскага сквэру
Від на будаўнічую пляцоўку з навабуду каля Грушаўскага сквэру

Чаму людзі супраць?

Грушаўскі сквэр у Менску знаходзіцца паміж шматпавярховікамі каля станцыі мэтро «Грушаўка». Кампанія «Датч Стар», паводле мясцовых жыхароў, насуперак праекту дэталёвага плянаваньня вырашыла дабудаваць жылы комплекс «Гранд Хаўс». Новая будоўля закране частку сквэру.

У відэазвароце да кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі мясцовыя жыхары кажуць, што без абмеркаваньня з жыхарамі раёну ўлады аддалі ўчастак сквэру дзеля «асабістых карысьлівых інтарэсаў».

Два з паловай гады яны зьвярталіся ў Менгарвыканкам, адміністрацыю Маскоўскага раёну, пракуратуру, Міністэрства прыродных рэсурсаў.

У відэазвароце да Лукашэнкі яны просяць захаваць «адзіны зялёны астравок гістарычнай Грушаўкі». Кампанію «Датч Стар» яны заклікалі выконваць законы, а не трымацца асабістых інтарэсаў.

За апошнія два гады сквэр урэзалі амаль на чвэрць: з 2,16 га да 1,72 га.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG